Раней і зараз
Адна з найбольш эфектных метамарфоз адбылася з гандлёвай кропкай, што месціцца побач з гарадской лазняй на вуліцы Кастрычніцкай.
Першапачаткова гэта быў піўны бар, які, па ўспамінах старажылаў, належаў камбінату грамадскага харчавання. За вірлівыя 90-я ў яго змянілася некалькі ўласнікаў, сярод якіх “засвяціўся” і адзін з першых сур’ёзных бізнесменаў Асіповіччыны Аляксандр Назаровіч. Кожны новы гаспадар прыстасоўваў магазін пад уласныя бізнес-праекты, аднак ніводзін з іх не “ўзляцеў”.
У 2005 годзе будынак, які за своеасабліва дэфармаваны неонавы надпіс на даху ўжо пачаў пераўтварацца ў элемент гарад-скога фальклору, набыў прадпрымальнік Дзмітрый Прусакоў, — каб стварыць у ім прадуктовую краму крокавай даступнасці.
Разлік спраўдзіўся, і магазін “Крыніца” застаецца запатрабаваным, нягледзячы на з’яўленне на паўднёвым баку горада сур’ёзных канкурэнтаў. Што ж тычыцца вонкавага выгляду пабудовы, то за ім уласнік сочыць пільна, бо гэта — элемент іміджу і свайго роду рэклама. Логіка простая: калі вітрына крамы прывабная, людзі робяць пакупкі з большым задавальненнем.