Будаўніцтва новай чаргі гарадскога палігона цвёрдых камунальных адыходаў набліжаецца да 50%.
Ужо практычна гатова падножжа пляцоўкі, дзе будзе захоўваццца смецце, ідзе падрыхтоўка да яе абвалоўкі. На наступным тыдні запланавана пачаць работы па ўкладцы гідраізаляцыі, дзеля чаго трэба спаяць палосы шчыльнай поліэтыленавай плёнкі ў суцэльнае палатно плошчай некалькі гектараў.
Да заканчэння будоўлі новага палігона ЦКА павінна быць арганізавана больш дасканалая сістэма раздзельнага збору смецця. З гэтай нагоды плануецца набыццё 3 спецыялізаваных смеццявозаў і 12 тысяч кантэйнераў, што размесцяцца ў зонах прыватнай забудовы райцэнтра, пасёлках Ялізава і Татарка.
Кніга “Асіповічы: трагічныя старонкі” выпушчана выдавецтвам “Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” ў серыі выданняў “Беларусь. Трагедыя і праўда памяці”.
Аўтар Неаніла Цыганок працягвае вывучэнне абставін вынішчэння нацыстамі ў перыяд акупацыі мірнага яўрэйскага насельніцтва на тэрыторыі нашай малой радзімы. Новая кніга ўтрымлівае шмат раней невядомых звестак аб адным з самых трагічных эпізодаў гісторыі краіны.
ДРБУ № 199 скончыла запланаваныя на гэты год работы па рамонце дарогі Крынка-Дараганава-Каўгары. На найбольш праблемным участку працягласцю 2,2 км праведзены бягучы рамонт, на астатняй частцы асфальтавага палатна — ямачны.
Завершаны днямі тэндар на ўзнаўленне самай “дабітай” дарогі раёна — Градзянка-Каменічы-Цэзарова — выйграла РУП “Магілёўаўтадар”. Гэта арганізацыя можа карыстацца на выгадных умовах паслугамі асфальта-бетоннага завода, размешчанага паблізу — у Чэрвеньскім раёне, што дазваляе істотна знізіць транспартныя расходы.