Думаецца, нікому не трэба нагадваць, што ў апошнія тыдні медыкі ўсяго свету — на своеасаблівай перадавой. Таму любая падтрымка не становіцца лішняй, у тым ліку і для асіповіцкіх работнікаў устаноў аховы здароўя. Гэта ведаюць як звычайныя жыхары, так і розныя арганізацыі — ад малых да буйных. І днямі прадстаўнікі некаторых з іх наведаліся да нашых медыкаў.
10 тысяч ахоўных масак у аўторак перадалі Асіповіцкай ЦРБ прадстаўнікі Магілёўскага аддзялення Беларускай чыгункі. Як адзначыў начальнік станцыі Асіповічы Віталь Канстанціновіч, нядаўна чыгуначнікі атрымалі дабрачынную дапамогу для барацьбы з вірусам ад кітайскіх партнёраў. І вырашылі падзяліцца сродкамі аховы з медыкамі. Асіповічы — адзін з буйнейшых чыгуначных вузлоў Магілёўшчыны, шмат чыгуначнікаў атрымліваюць тут медыцынскую дапамогу, праходзяць розныя агляды і камісіі. Таму менавіта ў нашу бальніцу — разам з паліклінікай № 12 у Магілёве — і накіравалі сродкі аховы. Яшчэ частка перададзенага кітайскімі чыгуначнікамі засталася дзеля патрэб Магілёўскага вузла: тут таксама шмат спецыялістаў і пасажыраў, якім трэба дапамагчы падчас пандэміі.
Напачатку тыдня завіталі да работнікаў аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі раённай ЦРБ і прадстаўнікі мясцовага футбольнага клуба “Асіповічы”. Прафесійныя спартсмены таксама вырашылі не заставацца ўбаку і падтрымаць нашых медыкаў: сабралі сродкі, закупілі і даставілі ў аддзяленне 15 ахоўных касцюмаў для работы у эпідэмічным ачагу.