Швейныя прадпрыемствы па ўсёй краіне актыўна пераходзяць на выпуск медыцынскіх сродкаў абароны. На Асіповіччыне гэтым займаюцца “Меліна-стыль”, “Тэхпрам”, “Відэлія”, “Кронакс”, “Гандаль”. Перапрафіляваўся і мясцовы камбінат бытавога абслугоўвання насельніцтва. Маскі для асабістага карыстання бытавікі пачалі шыць яшчэ на мінулым тыдні па заказе асіповіцкіх арганізацый, якія паклапаціліся пра бяспеку сваіх працаўнікоў.
— Працэс выпуску гэтага важнага зараз прадмета цалкам адладжаны, — гавораць на прадпрыемстве. — Штодня шыем пад 300 павязак. Частку іх рэалізоўваем праз Дамы быту і сельскія комплексныя прыёмныя пункты коштам у паўтара рубля. Адгукнуліся на прапановы некаторых індывідуальных прадпрымальнікаў і на іх грашовыя сродкі шыем маскі для бальніцы. А з учарашняга дня па просьбе ЦРБ пры—ступілі да вырабу касцюмаў для мясцовых медыкаў. Для нашых швачак пашыў спецыялізаванага адзення — справа не новая, а вось такі заказ выконваем упершыню. Улічыўшы пажаданні заказчыка, распрацавалі мадэль, узгаднілі з дактарамі і зрабілі ўзорны экзэмпляр, які задаволіў урачоў. Шыем касцюмы са спанбонду, 70 метраў якога бязвыплатна перадаў нам прадпрымальнік Міхаіл Мехадзюк. Гэтага матэрыялу хопіць, каб вырабіць 70 камбінезонаў. Спонсарскую дапамогу ў іх вытворчасці аказалі лясгас і прадпрымальніца Марыя Калпакова. Яшчэ 20 касцюмаў пашыем за свае грошы і таксама перададзім урачам. Гатовы прыняць заказ на пашыў такога адзення ад неабыякавых людзей: зараз гэта самы неабходны прадмет у медустановах. Работнікі адносяцца да выканання пастаўленай задачы адказна. Разумеем, наколькі важна забяспечыць лекараў усім неабходным.