Каля месяца таму пасля пераезду раённай паліклінікі на “часовую кватэру” ў будынак былой чыгуначнай бальніцы на вуліцы Ленінскай на яе “законных квадратных метрах” пачаўся рамонт. Генеральны падрадчык будоўлі — філіял “БМП № 761 на станцыі Магілёў” ААТ “Дарбудмантажтрэст”.
Як ідуць работы, што зменіцца ў абліччы ўстановы аховы здароўя і калі чакаць “наваселля” — аб гэтым і іншым спыталі ў начальніка філіяла Аляксандра Захарава. Дарэчы, гэту пасаду Аляксандр Яўгеньевіч займае толькі трэці месяц, да гэтага больш за 10 гадоў узначальваў рамонтна-будаўнічы ўчастак УКП ЖКГ, таму мае адпаведны вопыт.
Начальнік участка паведаміў, што плануецца замяніць усе ўнутраныя інжынерныя сеткі і зрабіць сучасны рамонт памяшканняў будынка, а таксама пафарбаваць фасад. Хаця кардынальна ў знешнім выглядзе і ўнутраным дызайне нічога змяняцца не будзе. Затое плануецца ўстанавіць пад’ёмнік, які дазволіць людзям з абмежаванымі магчымасцямі падымацца на ганак і другі паверх.
Дэмантажныя работы падыходзяць да завяршэння. Пераканаліся ў тым, наведаўшы паліклініку, якая зараз вельмі нагадвае будаўнічую пляцоўку. Зняты ўсе дзвярныя каробкі, столь і падлога, знесены непатрэбныя перагародкі, з-за чаго будынак здаецца надзіва пустым. І з цяжкасцю пазнаюцца цяпер былыя кабінеты, лабараторыя, працэдурныя.
Тым часам будаўнікі працягваюць здымаць кафельную плітку, тынкоўку, якая аджыла свой век. Працуе адбойны малаток, муляры з насілкамі толькі паспяваюць выносіць будаўнічыя адходы на вуліцу, дзе іх пагружаюць у самазвал. Ідзе работа і на лесвічных маршах.
Дадзены аб’ект — даволі значны для Асіповіцкага філіяла будаўніча-мантажнага поезда. Задзейнічаны на ім не толькі работнікі мясцовага філіяла, але і БУ-1, БМП № 367. У ААТ “Дарбудмантажтрэст” дастаткова сіл, спецыялістаў і тэхнікі для выканання любых рамонтна-будаўнічых работ і здачы аб’екта “пад ключ”. Дарэчы, папярэдняя работа БМП № 761 — будынак падатковай інспекцыі, які стаў свое-асаблівым упрыгажэннем вуліцы Паркавай.
Да лістапада плануецца завяршыць рамонт, каб да зімы дзейнасць паліклінікі прыняла звыклы ход.