Зараз, як ніколі, узрасла неабходнасць сачыць за гігіенай рук. Мы шматразова мыем іх дома, на рабоце, дэзінфіцыруем у час наведвання магазінаў, сацыяльных і іншых устаноў. Многія ходзяць у пальчатках, некаторыя, адчыняючы дзверы, ахінаюць ручкі насоўкай або сурвэткай. Усялякія меры сёння не перашкодзяць нікому, лічаць медработнікі, якія актыўна змагаюцца з новай інфекцыяй.
Разумеючы актуальнасць проціэпідэмічных мерапрыемстваў, работнікі УКП ЖКГ таксама прымаюць пасільны ўдзел у іх правядзенні. Адной з мер стала дэзінфекцыя пад’ездаў жылых дамоў. Пад’езды — тое месца, дзе жыхары шматпавярховак неаднаразова за дзень бываюць і маюць пастаянныя тактыльныя кантакты з аднымі і тымі ж прыстасаваннямі. Улічваючы гэту акалічнасць, камунальнікі пачалі штодзённа праціраць дэз-інфіцыруючымі сродкамі ручкі ўваходных дзвярэй, парэнчы, паштовыя скрынкі, кнопкі дамафонаў, апрацоўваць сцены і падлогу.
Майстар УКП ЖКГ Генадзій Любачанінаў расказвае, што галоўная перашкода ў патрэбнай справе — нядобразычлівасць жыхароў. Людзі не заўсёды хочуць адчыняць уваходныя дзверы, неадназначна сябе паводзяць, калі бачаць экіпіраваную каманду.
А між іншым гэтым жанчынам неабходна паспяваць выконваць свае асноўныя абавязкі па ўборцы двароў, займацца азеляненнем горада, зборам другаснай сыравіны, навядзеннем парадку на тэрыторыях, якія не маюць гаспадароў, а ў дадатак рабіць санітарную апрацоўку пад’ездаў.
Хочацца заклікаць асіпаўчан: праяўляйце хоць крыху свядомасці і павагі да працы іншых! Замест таго каб наракаць на дворнікаў, не шкодзіла б прывесці ў парадак клумбу каля пад’езда або сабраць прынесеныя ветрам паперкі, каб двор, у якім жывяце, набыў больш прыстойны выгляд. Для даведкі: 4 рабочыя па комплекснай уборцы штодзённа апрацоўваюць 125 пад’ездаў і ўбіраюць дваровую тэрыторыю.
Дарэчы, у кааператыўных дамах таксама надзяляецца ўвага апрацоўцы месцаў агульнага карыстання. Напрыклад, Алена Шарамет, старшыня СЖБК № 13, які размяшчаецца на вуліцы Чарняхоўскага, паведаміла, што ўборку пад’ездаў іх дома заўсёды праводзяць з выкарыстаннем дэзсродкаў, а з сакавіка сталі ажыццяўляць рэгулярныя санітарныя апрацоўкі, больш увагі надзяляючы парэнчам, дзвярным ручкам, тым месцам, за якія жыхары часцей бяруцца рукамі. Улічваючы тое, што ў доме пражывае нямала шматдзетных сямей, з дапамогай лістовак і чата праводзяць тлумачальную работу, нагадваюць правілы асабістай гігіены і процідзеяння распаўсюджванню каранавіруснай інфекцыі.