19 кастрычніка жыхары Асіповіччыны далучыліся да абласнога суботніка. У ім прынялі ўдзел 2 з лішнім сотні прадпрыемстваў і арганізацый, больш за 7 тысяч землякоў
Правядзенне “працоўнай мабілізацыі” ў такі перыяд — справа лагічная: самы час заняцца ўборкай апаўшай лістоты, ды і для пасадкі дрэў спрыяльныя дні. Новае месца прапіскі знайшлі 2290 маладых рабінак, ясеняў, клёнікаў і ліп, а таксама 503 кусты, у тым ліку ў сельскіх населеных пунктах — 1359 і 487 адпаведна. Найбольшая колькасць — 826 штук — была высаджана абапал дарог працаўнікамі ДЭУ-73 і ДРБУ-199. Сотня пакуль яшчэ тонкіх стволікаў размясцілася ўздоўж вуліцы Сташкевіча, 50 адзінак — ля Юбілейнай, новыя “насельнікі” з’явіліся на Алеі Герояў у гарадскім парку і ў скверы імя 40-годдзя Перамогі на вуліцы Абросімава. Арганізавалі пасадку на алеі сямейных дрэў прадстаўнікі маладзёжнага саюза. Да справы з задавальненнем далучаліся і дзеці, так што атрымалася ў тым ліку і выхаваўчае мерапрыемства.
Вялася маштабная работа і па добраўпарадкаванні ў агульным. Так, больш чыстымі сталі 422 гектары тэрыторый, чвэрць з якіх — непасрэдна ў вёсках, 68 — каля прадпрыемстваў, 44 — на аб’ектах сацыяльнай сферы, 10 — у месцах адпачынку. Ліквідавана амаль паўсотні несанкцыянаваных звалак, добраўпарадкавана 22 кіламетры прыдарожных палос, 190 гектараў лясных масіваў.
Адным з эпіцэнтраў работ стаў новы корпус раённай бальніцы, адкрыццё якога ўжо зусім хутка. Працавалі тут непасрэдна медыцынскія работнікі, якія вымылі вокны, сцены, падлогі на 3 і 4 паверхах новабудоўлі.
Як паведаміў старшыня райсавета дэпутатаў Сяргей Сувееў, які ўзначальвае раённы штаб па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні тэрыторый населеных пунктаў, на працягу тыдня ўборка апаўшай лістоты прадоўжыцца. Будзе працаваць рабочая група, якая вызначыць далейшы фронт работ — кожнаму відавочна, што прыкласці рукі яшчэ ёсць да чаго.
Валянціна КОРБАЛЬ.
v.korbal@gzt-akray.by