27.6 C
Осиповичи
Среда, 29 июня, 2022
Еще

    Малая родина директора МКСК «Минск-Арена» Николая Ананьева

    Популярное

    Горад дзяцінства

    У кожнага ёсць свой запаветны куток, дзе ён з’явіўся на свет і рос, з якім звязаны самыя цёплыя ўспаміны дзяцінства, якія суправаджаюць усё жыццё. Для генеральнага дырэктара МКСК “Мінск-Арэна” Мікалая Ананьева гэта горад Асіповічы, Ганаровым грамадзянінам якога ён з’яўляецца. З ім і гутарым.

    — Мікалай Канстанцінавіч, калі чуеце словазлучэнне “малая радзіма”, што ўяўляеце?

    — Перад вачамі адразу паўстае вуліца Сумчанкі, дзе стаяў наш дом. І зараз насупраць Дома быту шумяць ліпы з майго дзяцінства, а аддзел адукацыі для мяне застаўся школай № 1, дзе вучыўся грамаце.

    — А якое месца ў горадзе самае дарагое?

    — Дзіцячая спартыўная школа і стадыён.

    — Памятаеце сяброў дзяцінства, настаўнікаў, тых людзей, якія аказалі ўздзеянне на Ваша станаўленне як асобы?

    — А як жа! Уладзімір Назаровіч, Джан Курчэўскі, які, на жаль, рана пакінуў нас. Віктар Шыльцаў, Алег Кулакоўскі, Сямён Ліўшыц, Валерый Чупахін. Спіс можна працягваць. Шмат цудоўных людзей, за сустрэчу з якімі ўдзячны лёсу.

    — Самыя светлыя ўспаміны — гэта…

    — Адкрыццё дзіцячай спартыўнай школы, адным з першых вучняў якой стаў сам. Займаўся лёгкай атлетыкай і баскетболам.

    —  Зараз часта наведваеце родны горад?

    — Хацелася б часцей, але шчыльны графік работы не дазваляе.

    — Якія змены ў райцэнтры заўважаеце?

    — Ён стаў прамысловым. У плане добраўпарадкавання таксама назіраецца станоўчая дынаміка.

    — Што не перашкодзіла б палепшыць?

    — Канечне, раён перажывае няпросты час, але, безумоўна, штосьці робіцца для паляпшэння ўзроўню жыцця насельніцтва. Хацелася б, каб тэмпы эканамічнага росту сталі вышэй, было больш планавасці. Каб хутчэй быў здадзены ў эксплуатацыю новы корпус цэнтральнай раённай бальніцы, аб чым мараць жыхары. Баліць сэрца за стадыён “Лакаматыў”, які бачыў столькі спаборніцтваў, не адну сотню землякоў пасябраваў з фізкультурай і спортам, а зараз не выкарыстоўваецца, стаіць закінуты.

    На экскурсіі ў Асіповічах што б паказалі знаёмым у першую чаргу?

    — Хутчэй за ўсё, спартыўныя аб’екты, якія мяне заўсёды вабяць больш за іншыя.

    — А што трэба зрабіць, каб далучыць да спорту як мага больш людзей?

    — Знайсці энтузіястаў, якія па поклічы сэрца стануць займацца трэнерскай работай і далучаць моладзь да здаровага ладу жыцця, заняткаў спортам. Але гэтыя людзі павінны мець талент весці за сабой. Развіваць трэба тыя віды спорту, для якіх ёсць база. З улікам таго, што Асіповіччына ўзгадавала двух алімпійскіх чэмпіёнаў па акадэмічным веславанні, трэба рыхтаваць ім змену, надаючы ўвагу дадзенаму віду спорту. У Асіповічах шмат аматараў катацца на роліках, а калі б была секцыя і трэнер, яны б маглі займацца любімым заняткам на больш высокім узроўні.

    — Чаго пажадаеце землякам?

    — Дабрабыту, шчасця, здароўя.

    Мікалай Канстанцінавіч усё жыццё прысвяціў спорту. Заслужаны трэнер Беларусі. Працаваў старшынёй раённага спорткамітэта, завучам ДЮСШ, потым узначаліў абласны камітэт па фізічнай культуры і спорту. Быў міністрам спорту і турызму. Некалькі гадоў з’яўляўся віцэ-прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта. З ранніх гадоў і па сённяшні дзень спорт — справа яго жыцця. А старт атрымаў у родных Асіповічах.

    Іна Заскевіч.

    ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

    Пожалуйста, введите ваш комментарий!
    пожалуйста, введите ваше имя здесь

    Реклама

    Последнее