14.6 C
Осиповичи
Среда, 16 июня, 2021
Еще

    Карцінкі з асіповіцкай глыбінкі. Гаворыць Масква! Маўчыць Сасновы…

    Популярное

    Гэта адзін з самых маладых населеных пунктаў раёна і адно з тых нямногіх паселішчаў, чыя дата заснавання вядома дакладна, бо будаваўся Сасновы на вачах многіх сённяшніх жыхароў. А яшчэ ён звязаны з незвычайным аб’ектам, без якога проста не з’явіўся б на карце. А той, у сваю чаргу, перажыў перыяд росквіту, імкнуўся трымацца на плаву ў гады фарміравання Беларусі як самастойнай дзяржавы, але адступіў перад дасягненнямі цывілізацыі, уступіўшы месца лічбаваму вяшчанню.

    Узнік пасёлак у канцы 50-х-пачатку 60-х гадоў у лясным масіве: менавіта гэта месца было абрана для будоўлі Саюзнага вузла радыёвяшчання № 7, які потым больш за паўвека забяспечваў Беларусь і прылеглыя раёны Савецкага Саюза ўстойлівым радыёсігналам на доўгіх і сярэдніх хвалях. Першыя трансляцыі праграмы Усесаюзнага радыё, радыё-станцыі “Маяк”, саюзнае і рэспубліканскае вяшчанне на замежныя краіны, а з 1982 года і Беларускага радыё забяспечвалі каля 200 работнікаў. Тады яны былі маладымі, жыццярадаснымі, з грунтоўным запасам ведаў і вялікім жаданнем працаваць.

    Успамінае Лідзія Занеўская:

    — Радыёцэнтр ствараўся як будоўля ўсесаюзнага значэння — хутка і з найвышэйшай якасцю. Кадры збіралі з усёй неабсяжнай краіны — усе моцныя спецыялісты і цудоўныя людзі. Прыехала сюды 1 лютага 1962 года, скончыўшы тэхнікум. А потым павышала прафесійны ўзровень ва Усесаюзным завочным інстытуце сувязі.

    Амаль адразу далі нам кватэру. Муж працаваў электрамеханікам, я — інжынерам па эксплуатацыі. Спачатку мы дапамагалі будаўнікам завяршаць мантажныя работы, прыбіралі, мылі памяшканні. Упершыню выйшлі ў эфір 1 студзеня 1963 года. Усе адчувалі гонар ад удзелу ў важнай справе.

    Некалькі гадоў населены пункт, дзе знаходзіўся СВР № 7, не меў уласнай назвы. А потым прайшоў сход, на якім было абмеркавана гэта пытанне. Людзі вырашылі: навокал прыгожыя краявіды, ствараюць іх карабельныя сосны, а таму самай дакладнай назвай будзе пасёлак Сасновы. “Зверху” назву зацвердзілі, але без казусаў не абышлося: на аўтобусным прыпынку імя населенага пункта было пазначана толькі летась.

    Адным з тых, хто калісьці ўзводзіў пасёлак, з’яўляецца Леанід Мініч. Ён і цяпер жыве тут і, як і Аляксандр Александровіч і Лідзія Занеўская, расказаць можа шмат цікавага.

    Праходзім па апошняй вуліцы, якая была створана амаль шэсць дзесяцігоддзяў таму. Здзівіла шыльда з надпісам адраса на доме № 1, якая размешчана чамусьці дагары нагамі, да таго ж уводзіць у зман, бо вуліца, якая пазначана як Каваля, на самой справе Цэнтральная. Відаць, чыйсьці жарт.

    А вось тое, што дамы з 1961 года эксплуатуюцца без капітальнага рамонту — гэта ўжо самая сапраўдная рэальнасць. І ў тытульны спіс гэтага года зноў не ўнесены. Жыхары бядуюць, што ацяпленне будынкаў у зімовы час абыходзіцца вельмі дорага. А знайсці спосабы зрабіць гігакалорыю больш таннай пакуль не ўдалося. Па дапамогу ў розныя інстанцыі пасялкоўцы звярталіся, толькі пытанне так і засталося нявырашаным.

    Але, нягледзячы ні на што, у шматкватэрных дамах ні адно памяшканне не пустуе. Калі гаспадар ад’язджае ці адыходзіць у іншы свет, кватэру тут жа купляюць. Спрыяе попыту на жыллё ўдалае размя-шчэнне: зносіны з райцэнтрам і сталіцай цудоўныя, што садзейнічае праца-ўладкаванню пасялкоўцаў. Пасля закрыцця радыёцэнтра, што быў галоўным працадаўцам, людзі, якія яго абслугоўвалі, вымушаны былі шукаць месца і без асаблівых цяжкасцей знайшлі сабе справу ў Асіповічах ці Мінску. А некаторыя заняліся прыватным прадпрымальніцтвам, напрыклад, рамонтам тэлефонаў і камп’ютараў: адукацыя і кваліфікацыя дазваляюць.

    З той кагорты, якая стаяла ля вытокаў пасёлка, засталося не так і многа. Адзін са старажылаў — Барыс Яфрэменка. Разам з жонкай Ідай яны прыбылі на прадпрыемства, якое толькі пачынала работу. Нягледзячы на тое што быў начальнікам змены, даводзілася і траншэі капаць, і займацца іншай фізічнай працай. Але моладзь не маркоцілася, жылі па прынцыпе: «Працаваць — дык з поўнай аддачай, а адпачываць — дык ад усёй душы». Успамінае Барыс Пахомавіч і паездкі па абмене вопытам у Ленінград, Куйбышаў, Краснадар, Мікалаеў, а таксама мноства рацпрапаноў, якія ўносілі маладыя інжынеры. І калі спачатку ён шкадаваў, што замест прыборабудаўнічага завода ў Барані трапіў у лясны гушчар Асіповіччыны, то пазней прыкіпеў душою да сціплай прыгажосці наваколля і дружнага калектыву. І цяпер, калі справа жыцця перастала існаваць, сумна, што аб’ект, у які ўклалі душу, па словах мужчыны, расцягваецца на метал.

    Хацелі пераканацца ў гэтым, але не ўдалося. Рэдакцыйную машыну на тэрыторыю радыёцэнтра ахоўнік не пусціў і нават зрабіць вонкавы здымак не дазволіў, матывуючы адсутнасцю пропуску. Але, на думку пасялкоўцаў, прай-сці ў ахоўную зону праз лес можа кожны жадаючы, і робяць такія «ваяжы» часцей не з пазітыўнымі мэтамі.

    Каля 40 гадоў адпрацавала ў радыёцэнтры Таісія Хмялёва. У маладым пасёлку стварыла сям’ю, нарадзіла дзяцей. З удзячнасцю ўспамінае былых кіраўнікоў Дзмітрыя Каўшова, Івана Кандраценку, Анатоля Дзічкоўскага, Івана Раманенку, эканаміста Антаніну Прокашаву і многіх іншых, разам з кім камфортна працавалася. Радуецца таму, што дзеці многіх калег прадоўжылі справу бацькоў, атрымаўшы адукацыю ў вобласці радыётэхнікі, сувязі і камунікацыі, што сведчыць аб той павазе, якую адчувалі да агульнай справы.

     

    Жанчынай-легендай можна назваць Кацярыну Скуя, якая зараз нічым не адрозніваецца ад іншых пенсіянерак, а калісьці была бадай адзінай у вялікай краіне антэншчыцай-мачтавічкай. Калегі і цяпер здзіўляюцца, як ёй удалося трапіць на чыста мужчынскую работу, а яна толькі пасміхаецца. На пытанне, ці было страшна, адказвае, што ніколі не задумвалася аб рызыцы, а таму дрэннага з ёй і не здаралася.

    Пра Валянціну Церашкову ці Праскоўю Ангеліну ведаў увесь Саюз, а сціплая Кацярына Скуя проста падымалася на 350-мятровую мачту, каб выконваць сваю бу-дзённую работу. Ні вецер, ні сцюжа, ні пралятаючыя верталёты не пужалі яе. І гэта на працягу 30 (!) гадоў. Калі ў 45 ёй прапанавалі перайсці на больш лёгкую пасаду, адчайная жанчына адказала з гонарам: “На пенсію пайду толькі антэншчыцай”. І слова стрымала. Нават больш адпрацавала, чым трэба, бо ў свой час бацька “памаладзіў” яе на 2 гады. Затое ўсім даказала, што, калі жанчына чагосьці захацела, абавязкова даб’ецца, нават калі для гэтага давя-дзецца ўзняцца да аблокаў. Ды яшчэ спявачкай і танцоркай была знатнай, што памагала зняць напружанне пасля работы.

    І хоць клуб у пасёлку застаўся і працуе нядрэнна, але спяваць людзі сталі менш. Не чуваць навокал песень, хаця вуліцу апусцелай не назавеш: спяшаюцца ў магазін мясцовыя кабеты, праязджаюць веласіпедысты, гуляюць школьнікі.

    Дарэчы, дзіцячую пляцоўку ў адным з двароў стварыў мясцовы жыхар Сяргей Міхадзюк, і малеча з задавальненнем бавіць тут час. А побач з месцам адпа чынку дзяцей узносіцца 30-мятровая антэнная мачта — адзін з напамінкаў аб былым СВР № 7.

    Лідзія Андрэеўна Занеўская, стараста населенага пункта, ахвотна арганізоўвае экскурсію па пасёлку, хаця ён даволі кампактны і тут не заблукаеш. Расказвае пра радыёвяшчанне, людзей, пра тое, што засталіся закінутымі будынкі лазні і гаража, а вось кантору перавялі ў разрад арэнднага жылля, пра закінуты сад і старанную работу прыбіральшчыцы з УКП ЖКГ… І хоць СВР ліквідаваны, людзі, якія на ім працавалі, не забыты. Яны ўключаны ў ветэранскую арганізацыю «Белтэлекама» і не застаюцца па-за ўвагай: прымаюць віншаванні-падарункі па святочных днях, а калі патрэбна — матэрыяльную дапамогу.

    А кожны былы работнік перадаючага цэнтра штораніцы звыкла ўключае прыёмнік, каб паслухаць навіны, перададзеныя ўжо без яго ўдзелу…

    Іна Заскевіч.

    Фота Ніны Царык.

    ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

    Please enter your comment!
    Please enter your name here

    Реклама

    Последнее

    В Осиповичском районе идет заготовка кормов

    У сельгаспрадпрыемствах раёна адказная пара — на сенажацях разгарнулася касавіца

    В Осиповичах молодые военнослужащие приняли присягу

    Мінулай суботай у часцях Узброеных Сіл краіны ваенна-служачыя, прызваныя на тэрміновую службу, прымалі прысягу. Што незвычайна — маладое папаўненне ўдзельнічала ва ўрачыстай цырымоніі ў новай параднай форме, відавочнае адрозненне якой — галаўны ўбор. Гэта берэт цёмна-аліўкавага колеру.

    Кино, которого уже никогда не снимут

    Накануне 80-й годовщины начала Великой Отечественной войны есть повод вспомнить о кинофильмах, изображающих боевые действия в очень необычном ракурсе

    Фотозагадка для осиповчан

    Фотозагадка "А из нашего окна площадь Красная видна! А из вашего окошка только улица немножко" — с детства помним эти строки из стихотворения Сергея Михалкова....