13.3 C
Осиповичи
Воскресенье, 13 июня, 2021
Еще

    Чалавек жывы, пакуль яго памятаюць

    Популярное

    Відаць, нездарма гавораць, што чалавек на Зямлі госць: прыходзіць на імгненне (па касмічных мерках) і адыходзіць таксама раптоўна. Але застаецца след. Яркі і палымяны ці непрывабны, але кожны абавязкова яго пакідае. Інакш для чаго жыць?

    Антона Беразінскага на пасляваеннай Асіповіччыне ведалі многія. Прынамсі, на тэрыторыі цяперашніх Ліпенскага і Каменіцкага сельсаветаў, дзе жыў і працаваў, змагаўся з ворагам, узнаўляў разбураную ў час акупацыі гаспадарку, гадаваў дзяцей…

    Антон Андрэевіч нарадзіўся ў 1912 годзе ў вёсцы Заграддзе, якая знікла ўжо з карты раёна. Пасля рэвалюцыі яго бацька ўступіў у саўгас імя Свярдлова, а хлопчык вучыўся ў Свіслацкай школе, пасля заканчэння якой стаў працаваць вучнем каваля. З 1934 па 1936 год служыў ў арміі, быў памочнікам камандзіра ўзвода разведкі. Потым працаваў у сістэме «Белпрамбудтрэст». Цясляр, сакратар аддзела кадраў, вечарамі — навучэнец будаўнічага тэхнікума.

    Але ў свеце было неспакойна, і ў верасні 1939 года маладога мужчыну мабілізавалі ў Чырвоную Армію. Вызваляў Заходнюю Беларусію, удзельнічаў у савецка-фінскай вайне. Калі ў саракавым вярнуўся дадому, зноў прыступіў да работы на будаўніцтве. Толькі нядоўгай яна была: праз год напалі фашысты…

    Антону зноў прыйшлося ўзяцца за зброю. Але ўжо не ў дзеючай арміі, а ў складзе партызанскага атрада змагаўся ён з ворагам. Быў намеснікам камандзіра па разведцы 213 асобнага атрада «За Савецкую Беларусію», пасля вызвалення рэспублікі стаў старшынёй Яноўскага сельсавета. Гэту работу лёгкай не назавеш: у спадчыну дасталіся зруйнаваныя населеныя пункты, разграбленыя сядзібы, асірацелыя дзеці. Навесці парадак, узнавіць работу ўстаноў, накарміць людзей — гэтыя і многа іншых задач стаялі перад кіраўніком мясцовай улады.

    Праз нейкі час Антона Андрэевіча перавялі тэхнікам-будаўніком у райсельгасаддзел, дзе маштабы ўзнаўленчых работ былі ўжо больш грандыёзнымі. Узначальваў і інкубатарна-птушкагадоўчую станцыю. Словам, працаваў там, дзе патрабаваліся яго ўменні, веды і вопыт. І ўсюды нязменна праяўляў сумленне, шчырасць, адданасць.

    Тры дачкі і два сыны любілі і паважалі бацьку. І вялізнай трагедыяй для сям’і стала яго гібель: бандыцкая куля нагнала ўжо ў мірны час. І адразу — напавал. Ранілі і яго намесніка і каня, на якім удвух ехалі па справах…

    Шэсць з паловай дзясяткаў гадоў мінула з той горкай гадзіны, але і зараз баліць сэрца яго старэйшай дачкі Леакадзіі. Адзінаццаць гадоў было дзяўчынцы ў далёкім 1952-м. Але шмат помніць яна. Як фашысты забралі іх з матуляй, сястрой і яшчэ некалькімі аднавяскоўцамі ў якасці заложнікаў: паліцай данёс, што яны — партызанскія сем’і.

    Памятае Леакадзія Антонаўна і сустрэчу таты з вядомым Кірылам Арлоўскім — яе тады яшчэ папрасілі спець яго любімую песню «Цёмная ноч». Успамінае многіх паплечнікаў бацькі па пасляваеннай працы. Вёску Рафалін, дзе праходзілі першыя гады яе дзяцінства. Дарэчы, працоўная біяграфія самой дзяўчынкі пачалася ў 14 гадоў у швейнай арцелі, потым яна шмат гадоў працавала закройшчыцай КБА.

    На працягу жыцця дачка партызана з інтарэсам вывучае публікацыі мясцовай прэсы, чытае дакументальную літаратуру, звязаную з гісторыяй раёна, ведае многіх мясцовых герояў. І яе засмучае, што імя бацькі не ўзгадваецца ні ў адной з крыніц. Няма яго ні ў кнізе «Памяць», ні ў іншых зборніках і мемуарах, якія даводзілася чытаць.

    Антону Беразінскаму было адмерана роўна 40 гадоў. Няпростага, але сумленнага жыцця, у якім хацелася ствараць: нездарма ж ён, сын цесляра, абраў прафесію будаўніка. Але, калі было неабходна, адкладваў рубанак, браў у рукі вінтоўку і ішоў бараніць бацькоў, дзяцей, краіну. Хоць гэта і не адпавядала ўнутранай патрэбе міралюбівага беларуса, але пачуццё доўгу заўсёды брала верх. І служыў у разведцы, звесткі аб якой да часу трымаліся ў сакрэце.

    Безумоўна, такіх людзей было многа. Але гэта не значыць, што іх неабавязкова помніць. Зразумелыя перажыванні зямлячкі, жаданне, каб дзеці-ўнукі памяталі пра дзядулю. І ганарыліся ім, для чаго ёсць усе падставы.

    …Даведаўшыся, на якіх могілках пахаваны паважаны зямляк, знайшлі месца яго спачыну. Акуратная магіла, помнік, мноства кветак — усё пацвярджае: родныя не забылі Антона Андрэевіча, шануюць.

    Раённая кніга «Памяць» — не догма. І хоць усё больш гадоў аддзяляе нас ад вогненных гадоў вайны, выяўляюцца ўсё новыя імёны. А значыць, падставы для выхаду яшчэ аднаго дадатку да векапомнай кнігі ёсць.

    Іна ЗАСКЕВІЧ.

    ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

    Please enter your comment!
    Please enter your name here

    Реклама

    Последнее

    В Осиповичах прошел I открытый конкурс хореографического искусства «Stars of Planet»

    Свой профессионализм демонстрировали 195 участников от 3 до 17 лет. Работа хореографов и оформление номеров были достойны лучших танцевальных подмостков. В зале не переставая звучали овации, зрители тепло приняли артистов, поддерживали танцоров многократным "браво!", подпевали и пританцовывали на своих местах.

    Осиповичской «районке» исполнилось 90 лет. Мнением делятся земляки

    90 гадоў споўнілася "раёнцы". За гэты час газета трывала ўвайшла ў лёсы многіх жыхароў Асіповіччыны

    В Осиповичах чествовали золотых медалистов

    Прыемна чуць, што землякі час ад часу ўзнагароджваюцца за спартыўныя дасягненні або творчыя выступленні. Усё больш матуль атрымліваюць ордэн Маці. А ёсць яшчэ адна ўзнагарода — залаты медаль, які ўручаецца за якасныя веды. Ім штогадова заахвочваюць лепшых выпускнікоў устаноў сярэдняй адукацыі. Сёлета такіх 15. “Залатыя” рабяты пазаўчора прымалі віншаванні з гэтай прыемнай нагоды. Медалі ім уручыў старшыня раённага выканаўчага камітэта Канстанцін Жыгуцкі.

    О чем писала «районка» последние 5 лет

    Галоўныя падзеі, пра якія паведамляла “раёнка” паміж сваімі 85- і 90-годдзямі, — сцісла і ў храналагічным парадку

    История образования в Дараганово

    Архіўных звестак пра гэты перыяд амаль няма, таму гісторыю адукацыі таго часу можна аднавіць толькі па ўспамінах мясцовых жыхароў і матэрыялах раённых газет.