Свая справа
Асіпаўчаніна Сцяпана Саханчука землякі ведаюць найперш як таленавітага музыку, аранжыроўшчыка песень. У станаўленні многіх нашых народных калектываў ёсць і яго немалая роля. У сферы культуры раёна Сцяпан Савельевіч працуе ўжо больш за тры дзясяткі гадоў. Зараз ён канцэртмайстар пратасевіцкага “Сузор’я” і вязаўніцкіх “Чыстых крыніц”. Але сёння раскажам пра гэтага чалавека як пра індывідуальнага прадпрымальніка, які наладзіў вытворчасць і рэалізацыю біягумусу — субстрату надзвычай карыснага і ўніверсальнага.
Музыка і зямля — паняцці розныя, аднак Саханчук змог іх спалучыць у сваім жыцці. Да зямлі ён ставіцца з не меншай павагай, чым да гукаў мелодыі, а таму і зразумелы клопат аб захаванні экалагічнасці і іншых карысных якасцей глебы.
Не сакрэт, што беларусы любяць для павышэння ўрадлівасці зямлі карыстацца — часам нават празмерна — рознымі ўдабрэннямі. А вось у Еўропе ўжо даўно выкарыстоўваюцца зусім іншыя тэхналогіі, у аснове якіх — біягумус. Што ж гэта за дзіва?
Прадукт перапрацоўкі арганічных адыходаў каліфарнійскімі чарвякамі, экалагічна чыстае арганічнае ўгнаенне. Яго выкарыстоўваюць як удабрэнне пры пасадцы, падкормцы ўсіх відаў сельскагаспадарчых культур, у лесаводстве, кветкаводстве, а таксама пры рэанімацыі і рэкультывацыі глебы.
Нашы гаспадары ў асноўным маюць звычку “карміць” свае агароды гноем, але выкарыстанне біягумусу — сродак больш эфектыўны, танны і зручны. Узяць хаця б такія перавагі: у параўнанні з гноем ён не ўтрымлівае насення пустазелля, гельмінтаў і шкодных мікраарганізмаў. Біягумус можна раўнамерна ўносіць у глебу і невялікімі дозамі. Напрыклад, на сотку зямлі яго патрабуецца ўсяго 50 кілаграмаў. Няма неабходнасці выкарыстоўваць і дадатковы транспарт: для агарода дастаткова 200-300 кілаграмаў. Біягумус памяншае стрэс раслін, асабліва расады пры высадцы на грады або на поле, узмацняе яе прыжывальнасць, паскарае прарастанне насення і выспяванне пладоў, павышае ўраджайнасць сельскагаспадарчых культур на 20-50%, па сваёй эфектыўнасці пераўзыходзіць звычайны гной у 10-12 разоў. Гумус — гэта свайго роду “лекі” для глебы і “хлеб” для раслін.
“Гумуснай” справай Саханчук раіць займацца тым, у каго ёсць час і добрая вытрымка. Дарэчы, гэта можа даць добрую прыбаўку да пенсіі. З задавальненнем прадпрымальны аграрый падзяліўся і асабістым досведам. Вытворчасць гумусу справа даволі клапотная, і першае выпрабаванне на трываласць задумкі — афармленне неабходнай дакументацыі. Акрамя таго, трэба мець адпаведную тэрыторыю. Бурты Саханчука, напрыклад, знаходзяцца на базе калгаса “Ясень” — побач з крыніцай “сыравіны”. Асноўны кампанент вытворчасці — каліфарнійскія чарвякі. Якія, да слова, вельмі далікатныя, патрабуюць пастаяннага клопату і пэўных умоў. Асабліва небяспечны зімовы перыяд. Колькі патрэбна такіх “памочнікаў”? Прыблізна 3-4 тысячы штук — гэта каля двух кілаграмаў — на кубічны метр гною. Гумус атрымліваецца праз два-тры месяцы. Гатовы прадукт прасяваецца, пакеціруецца.
Безумоўна, каб авалодаць музыканту такой спецыфічнай вытворчасцю, патрабаваліся пэўныя веды. Сцяпан Савельевіч з’ездзіў у сталіцу на спецыяльныя курсы, сам рэгулярна цікавіцца адпаведнай інфармацыяй у інтэрнэце. У прыватнасці, вывучае работы на гэтую тэму расійскіх навукоўцаў.
Ну, а набыць біягумус, выпушчаны “БелБіяТэрай” — так называецца прадпрыемства Саханчука — можна ў магазінах ААТ “Гандаль”, некаторых прыватных гандлёвых кропках райцэнтра. Калі ж у вас ёсць пытанні да Сцяпана Савельевіча, то можна патэлефанаваць напрамую па нумары +375 29 365-70-99 альбо 74-0-90.
Валянціна КОРБАЛЬ.