Добрая традыцыя — падводзіць вынікі завершанага года. Вось і ў прадстаўнікоў «культурных» арганізацый раёна днямі прайшло традыцыйнае пасяджэнне, на якім была прааналізавана дзейнасць за мінулы год, вызначаны плюсы і мінусы, дасягненні і праблемы, планы на заўтра.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Iрына Раманчук распавяла пра вынікі працы аддзела і падначаленых устаноў: клубаў, бібліятэк, школ мастацтваў і г.д., паведаміла пра праведзеную ў мінулым годзе аптымізацыю арганізацый культуры. Натуральна, выступілі і кіраўнікі, і спецыялісты аддзела і ўстаноў.
Знайшлося на сходзе месца і ўзнагародам. Намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Шаўлюга ўручыў за добрасумленную працу работнікам культуры Вользе Кавалёвай, Валянціне Туркінай і Iне Аляхновіч Ганаровыя граматы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама.
Запрошаныя на пасяджэнне старшыня раённага савета ветэранаў Міхаіл Слесарэнка і старшыня райарганізацыі ГА «Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа» Таццяна Казакова таксама звярнуліся з прамовамі да прысутных і ўзнагародзілі шэраг працаўнікоў культуры.
У планах на 2014 год — працягваць аптымізацыю ўстаноў галіны, павышаць якасць паслуг, умацоўваць матэрыяльна-тэхнічную базу. У цэнтры ўвагі — правядзенне культурна-масавых мерапрыемстваў як у дзень выбараў, так і прысвечаных 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Нельга забываць і пра тое, што бягучы год — Год гасціннасці. Карацей, работы шмат, таму жыццё ў работнікаў культуры насычанае.
Марыя ТАЛЕЙКА.