— Нарадзіцца мне выпала на Дзень савецкай міліцыі, — распачынае гаворку Ева Сяргееўна СОБАЛЕВА. — Адбылося гэта 82 гады таму. У сям’і расло нас чацвёра. Матуля і тата працавалі ў калгасе.
У маёй Атнянцы школы не было, таму даводзілася бегаць праз раку — у Вендараж. Два гады адвучылася, а тут — вайна. Сэнс гэтага слова нам, малым, адразу быў незразумелым. Не маглі ўцяміць, чаму жанчыны галосяць, а мужчыны з сур’ёзнымі тварамі пакідаюць вёску. Пайшоў на фронт і мой татка…
Пачаліся страшныя дні акупацыі. Фашысты ваявалі з дзецьмі і іх матулямі, якія не маглі супраціўляцца. Так застрэлілі маленькага браціка маёй сяброўкі. Хлопчык быў яшчэ жывы — падскочылі, дабілі…
Раз прыбег зімой босы чалавек, стаў стукаць прыкладам у дзверы. Заскочыў, абуў валёнкі і пабег далей. За ім з’явіліся другія: “Даеш абутак партызану?” — аўтамат цэліць у маму. Кідаюся да яе, прыкрываю сабою. Ствол паволі апусціўся…
Аднойчы заўважылі, што з неба, нібы снег, сыплюцца белыя паперкі. Людзі, як ад пачвар, ад іх адхіналіся, баяліся дакрануцца. Потым цікаўнасць перамагла. Маці ўхапіла адну пісульку — і ціхенька ў хату. Прачытала і адразу стала збіраць дзяцей у дарогу. Патлумачыла, што немцы загадваюць усім партызанам здацца. Значыць, будзе чарговая аблава з расстрэлам жыхароў.
Уцяклі ў лес. Ён, выратавальнік, даваў прытулак тады многім беларусам, прыкрываючы густымі лапкамі ельніку ад варожага вока. Хутка над галовамі закружылі самалёты. Iх прыналежнасць маглі дакладна ўстанавіць нават малыя дзеці: маторы нашых раўнамерна гудзелі, нібы дзядзькі, што сабраліся раніцай ля калгаснага ганку, а варожыя выдавалі непрыемныя перарывістыя гукі, падобныя на самаўпэўненую, палохаючую гаворку чужынцаў.
Матуля бегла, несучы на руках двухгадовага сына, на плячах сядзела дачка. Страціўшы раўнавагу, звалілася пад куст, што схіляўся да рачулкі, і ледзь не ўтапілася, — старэйшыя дзеці выцягнулі. Павячэралі шчаўем. Мерзлі вечаровай парой, пярынай і коўдрай служыў сабраны клапатлівай рукой мох. Так, моцна трымаючыся адно аднаго, і выратаваліся. А вёскі ў той дзень не стала. Варожыя самалёты метадычна вынішчылі хату за хатай бомбамі. Засталася толькі адна пабудова ды яшчэ тая, што прытулілася на ўскрайку, ля рэчкі. Прыкрытая ракітавымі кустамі, засталася незаўважанай фашысцкім знішчальнікам…
Сялян сустрэлі варонкі і пах пажарышчаў. Жыць сталі ў зямлянках, што пабудавалі талакою. Выжываць дапамагалі аднавяскоўцы: дзяліліся чым маглі. Хтосьці даў маці падушачку, што захавалася цудам. I столькі было радасці, калі пад галоўкі малым падкладвала гэты напамінак аб мірным часе…
Пасля вызвалення атрымалі радасную вестку ад таты. Паведаміў, што быў ранены пад Варшавай, зараз знаходзіцца ў шпіталі ў Брэст-Літоўску. Праз нейкі час медсястра прывезла яго на станцыю Вендараж і наказала, каб прыехалі забраць, бо яшчэ не зусім акрыяў. Маці адправіла Еўку з двума суседскімі мужчынамі.
Убачыўшы роднага чалавека на станцыі, дзяўчынка кінулася да яго на калені і адчула, што сядзець мулка. Дзіця не адразу ўцяміла, што пад ёй пратэз: мужчына баяўся паведамляць, што застаўся без нагі…
Але галоўнае — сям’я была разам, дзеці пайшлі ў школу. Вось толькі слабасць і голад зрабілі сваю чорную справу: захварэлі тыфам. Дзякуй Богу, перамаглі і гэту напасць, але сіл набіраліся доўга. Ева Сяргееўна ўспамінае, як пайшла ў школу і заблукала: так кружылася галава ды мучылі ваніты, што нават знаёмыя да болю мясціны здаваліся чужымі.
Пасля 7 класаў дзяўчына хацела паступіць у медыцынскае вучылішча, але не пашчасціла. Пайшла ў Цішоўскую дзесяцігодку, і ўжо потым разам з сяброўкай стала студэнткай педінстытута.
Як прыбыла выпускніца па размеркаванні ў Дзераўцоўскую школу, што на Асіповіччыне, так і выкладала тут мову і літаратуру цэлых 35 гадоў. Палюбіла гэту вёсачку, што маляўніча аздоблена лесам, як сваю родную Атнянку. I людзі сталі блізкімі. Да вучняў заўсёды ставілася, як да родных дзяцей, таму і яны адказваюць узаемнасцю і цяпер рады сустрэцца з былой настаўніцай. Здзівіла, што Ева Сяргееўна памятае не толькі як вучыліся ды з кім сядзелі за партай тыя, хто ўжо і самі маюць сівыя скроні, але і з упэўненасцю канстатуе, хто пры паступленні ў ВНУ расказваў пра Міхала з коласаўскай “Новай зямлі”, а хто — пра творчасць Багдановіча.
— А як жа? Заўсёды цікавілася, якія пытанні атрымалі выпускнікі на экзамене, ці паспяхова здалі іспыт, — тлумачыць вясковая настаўніца.
Вырасціла і ўласных дзяцей. Адзін сын побач, працуе тэлемайстрам у райцэнтры, другі — ваенны, жыве на Брэстчыне.
Гады ляцяць, але не палохаюць нашу гераіню. Душа яе па-ранейшаму маладая, памяць не падводзіць, добрыя людзі акружаюць. Мо таму, што многа гадоў прысвяціла стасункам з моладдзю? А можа атрымоўвала моц ад бярозак, якія кожную раніцу нешта шапталі па дарозе ў школу? Ці з жыватворных крыніц беларускай паэзіі? Так ці інакш, але няхай свет яе душы сагравае яшчэ шмат гадоў блізкіх і родных!
Іна ЗАСКЕВІЧ.