У Асіповічах жыве 3.604 мужчын і жанчын ва ўзросце звыш 66 гадоў, у сельскай мясцовасці — 4.141. Пяцёра ўжо наогул пераступіла 100-гадовую мяжу. За студзень-лістапад, між тым, памерла 134 чалавекі працаздольнага ўзросту — каля 20% ад усіх памерлых…
Пра здароўе навокал гаворыцца шмат, але лішнім напамінак на гэту актуальную тэму ніколі не будзе. І да парад урача-герантолага райпаліклінікі Кацярыны ЕЎДАКІМОВІЧ, спадзяёмся, прыслухаюцца многія.
— Якія абследаванні і з якой перыядычнасцю павінны праходзіць пажылыя людзі?
— Найперш — штогадовая флюараграфія. Раз у год жанчыны павінны наведаць гінеколага і зрабіць ультрагукавое абследаванне малочных залоз і мамаграфію, а прадстаўнікі моцнага полу — прайсці ПСА (аналіз на выяўленне раку прадстацельнай залозы). Усім трэба здаць агульны аналіз крыві, мачы, кроў на цукар, халестэрын, прайсці ЭКГ.
Для гэтага неабходна наведаць свайго тэрапеўта, які выдасць накірункі на ўсе віды абследаванняў, калі неабходна — накіруе да вузкіх спецыялістаў.
— Ветэраны працы па-рознаму ставяцца да фізічнай нагрузкі. Адны днямі ляжаць на канапе, пераглядаючы ўсе тэлеперадачы ды стогнучы ад хвароб, другіх жа дома наогул цяжка застаць: дача, лес, праца… Які падыход правільны?
— Ні адзін з названых. Патрэбна знайсці “залатую сярэдзіну” і прыслухоўвацца да ўласнага самаадчування. Нагрузка на арганізм павінна быць заўсёды, але ўмераная. Наогул, чым пазней заканчвае чалавек працоўную дзейнасць, тым лепей для яго. Але з гадамі трэба выбіраць работу лягчэйшую і менш адказную.
З дачнымі клопатамі таксама трэба не перастарацца, рабіць дазіравана, больш адпачываць. А ўвосень не пераходзіць рэзка ў “рэжым адпачынку” — на гэта арганізм можа адрэагаваць нечаканым абвастрэннем хвароб. Хадзіць у дзень можна да 5 кіламетраў, але ў нармальным тэмпе, з перарывамі. На жаль, пажылыя людзі не часта наведваюць басейн. Ды і наогул ставяцца да свайго здароўя не заўсёды адказна, губляюць цікавасць да жыцця. Але гляньце, колькі цікавых тэлеперадач існуе: “Здравствуйте, доктор”, “Врачебные тайны”, штодзённая “Жить здорово” — уключай і атрымлівай неабходную інфармацыю. Толькі чамусьці назіраецца нізкі ўзровень медыцынскай культуры насельніцтва, і гэта зніжае якасць яго жыцця.
Практыкавалі мы правядзенне школ астматыкаў, гіпертонікаў, дыябетыкаў, асоб пажылога ўзросту. Але наведваць іх нашы пацыенты не спяшаюцца…
— Многія бабулі і дзядулі скардзяцца на бяссонніцу, гавораць, што без таблетак заснуць проста не могуць. Ці бяспечна такое прывыканне?
— Калі дзень заняты рознымі справамі, сон прыходзіць своечасова. Арганізм прывыкае да пэўнага рытму. Хоць і не трэба спяшацца на работу, але класціся спаць і ўставаць варта ў адзін і той жа час. Пакой перад сном праветрываць. Зрабіць падушку з хмелю. У 2 гадзіны ночы чытаць кнігу, як робяць некаторыя, — гэта ненармальна. З 22 да 24 гадзін — самы прадуктыўны сон. Ноччу не трэба пакідаць запаленымі начнікі: пры святле не выпрацоўваецца гармон сну — мелатанін. У спальным пакоі не павінна быць люстэркаў, лішніх рэчаў пад ложкам, наогул пастарайцеся трымаць там як мага менш прадметаў — у захламленым пакоі, на перасячэнні розных палёў, цяжка заснуць, арганізм не атрымоўвае пэўнага адпачынку.
З медыкаментозных сродкаў — валерыяна і персэн. Але і іх прымяняць толькі зрэдку.
— Павышаны ціск — з’ява, знаёмая і маладым, і пенсіянерам…
— Кожны пажылы чалавек павінен мець танометр, мераць ціск двойчы на дзень і запісваць яго паказчыкі, суправаджаючы каментарыямі: балела галава, адчуваў галавакружэнне, млявасць… Толькі прааналізаваўшы стан хваробы за пэўны перыяд, доктар зможа паставіць дыягназ і назначыць правільнае лячэнне. А то прыйдзе пацыент у тэрапеўтычны кабінет, скардзіцца на ціск, а расказаць нічога не можа. Аднаразовае ж вымярэнне ціску ўрачом на прыёме ні аб чым не гаворыць.
Са шматгадовага вопыту: паступаюць у бальніцу з інсультам хворыя, якія не назіраліся ва ўрача або не выконвалі яго назначэнні. Тыя ж, хто прыходзіць перыядычна на прыём, прымае лячэнне, — атрымоўвае дзесяцігоддзі годнага жыцця. Выбар — за кожным!