4.7 C
Осиповичи
Понедельник, 18 октября, 2021
Еще

    Асіповіцкі раён: сасноўскі францір

    Популярное

    …Першапачаткова Злучаныя Штаты Амерыкі займалі адносна невялікую плошчу і рэзка пераходзілі ў землі, дзе панавала поўная анархія. Мяжа, якая падзяляла законапаслухмяны Усход і Дзікі Захад, атрымала назву «францір”.

    Сёння такое суседства выглядае немагчымым, але, калі ўдумацца, сучаснымі анархістамі — інакш кажучы, носьбітамі элементаў хаосу — можна лічыць браканьераў. Супрацьстаянне ім на тэрыторыі раёна — непасрэдная задача Асіповіцкай міжрайінспекцыі аховы расліннага і жывёльнага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, і, такім чынам, прыродаахоўны «францір” праходзіць у пасёлку Сасновы, дзе знаходзіцца офіс гэтай арганізацыі. А галоўнымі лініямі абароны прыроды сёння з’яўляюцца рэкі і іншыя вадаёмы, дзе нерасціцца рыба.

    Сумаваць без справы супрацоўнікам ІАЖіРС не даводзіцца, у чым і пераканаўся карэспандэнт «раёнкі”, які правёў разам з рэйдавай групай інспекцыі самы звычайны рабочы дзень — 17 мая.

    «Час, страчаны з адрывам”

    Менавіта так інспектары ІАЖіРС называюць свой  удзел у справах, якія патрабуюць зносін з іншымі, задзейнічанымі ў прыродаахоўных справах, структурамі. Апошніх дастаткова многа: пракуратура, следчы камітэт, райаддзел унутраных спраў, прадпрыемствы лясной гаспадаркі, арандатары прыродных угоддзяў, райЦГЭ, інспекцыя па падатках і зборах, інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя — вось далёка не поўны пералік арганізацый раённага ўзроўню, з якімі ІАЖіРС кантактуе рэгулярна і шчыльна. Як правіла, усе сумесныя пытанні супрацоўнікі інспекцыі імкнуцца вырашаць з раніцы — у перыяд найменшай актыўнасці сваіх галоўных «апанентаў” — парушальнікаў прыродаахоўнага заканадаўства.

    Звычайна на «адрыў” хапае 1-2 гадзін, пасля чаго ўвесь асабовы склад інспекцыі збіраецца ў офісе, каб у хуткім часе прыступіць да выканання сваіх непасрэдных абавязкаў.

    …Першае заданне, якое атрымала група ў складзе намесніка начальніка ІАЖіРС Вячаслава Гарачага і вадзіцеля-інспектара Паўла Кавальчука, тычылася кантролю пагрузкі рыбы на ААТ «Рыбгас «Свіслач”. Асіповіцкія рыбаводы павінны былі падрыхтаваць для перавозкі па 250 кілаграмаў карпа, таўсталобіка і амура, 400 кілаграмаў карася. Жывы груз прызначаны для зарыблення вадаёмаў меліярацыйнага прызначэння ў Магілёўскай і Гродзенскай абласцях, а паколькі фінансаванне ўзгаданых мерапрыемстваў вядзецца за бюджэтныя сродкі, нагляд за іх выкананнем даручаны незалежным экспертам: супрацоўнікам ІАЖіРС і інспекцыі аховы прыродных рэсурсаў.

    Забягаючы наперад, трэба адзначыць, што пагрузка рыбы ў спецыяльныя машыны аказалася дастаткова руціннай справай і, да таго ж, доўгай — цягнулася каля чатырох гадзін. Асаблівых заўваг дзейнасць персаналу рыбгаса не выклікала, таму інспектары мелі час, каб акінуць наваколле сажалак гаспадаркі прафесійна-спрактыкаваным вокам.

    Агляд мясцовасці аказаўся выніковым: даволі хутка быў заўважаны падазроны рух на беразе аднаго са зліўных каналаў. Як высветлілася, на зручным уступе высокага крутога схілу прыстасаваўся закідваць вуду старэнькі дзядок. З фармальнага пункту гледжання гэта быў яўны выпадак браканьерства, але паколькі шкоды рыбным запасам гаспадаркі пенсіянер нанесці не паспеў і ў знак павагі да яго ўзросту інспектары абмежаваліся папярэджваннем. Адначасова параілі наведаць пару мясцін у дазволенай для аматарскага рыбалоўства зоне, дзе звычайна добра клюе. Удзячны дзед сеў на веласіпед і нечакана жвава націснуў на педалі.

    — Увогуле, гэта не наша справа — ганяць браканьераў з тэрыторыі арандаваных угоддзяў, — пракаменціраваў сустрэчу з парушальнікам Вячаслаў Гарачы. — Кожная гаспадарка мае ўласную службу аховы, чыю дзейнасць наша інспекцыя павінна кантраляваць. Ну а тое, што гэты дзед без перашкод патрапіў у ахоўваемую зону і спрабаваў лавіць рыбу амаль побач з пунктам пагрузкі, дзе завіхалася мноства работнікаў рыбгаса, дае нагоду для роздуму аб эфектыўнасці яго варты.

    З кім маем справу

    Першапачаткова планавалася, што пасля работы ў рыбгасе інспектары ІАЖіРС прымуць удзел у кантрольнай лоўлі рыбы з Асіповіцкага вадасховішча, дазвол на які атрымаў адзін са сталічных даследчых інстытутаў. Аднак навукоўцы ў апошні момант перанеслі паездку на іншы дзень, і начальнік ІАЖіРС Андрэй Долгі даў падначаленым крыху часу для адпачынку.

    Пакуль хлопцы абедалі, Андрэй Андрэевіч паказаў прадстаўніку СМІ сховішча, дзе ляжаць канфіскаваныя браканьерскія прылады. Іх там шмат, але асабліва ўражваюча выглядаюць два вялізныя баулы, запоўненыя капканамі. Некалькі дзён назад была праведзена  спецаперацыя, падчас якой удалося ліквідаваць базу, дзе хавала свой рыштунак арганізаваная група браканьераў. У ліку іншага канфіскавалі і 160 пастак, прызначаных для драпежніцкай здабычы буйных капытных. «Паляванне” на яе ўдзельнікаў яшчэ працягваецца, таму начальнік інспекцыі ў дэталі не ўдаваўся. Ды і без гэтага расказаць яму ёсць што.

    Напрыклад, паведаміў, як дзейнічае «канвеер” па продажы рыбы на шашы Мінск-Гомель. Яго рухаючая сіла — 4-5 падпольных камерсантаў, на якіх працуюць мясцовыя маргіналы. Менавіта апошнія вядуць  незаконны гандаль, але ў такіх мізэрных аб’ёмах, што прыцягнуць парушальнікаў можна толькі да адміністрацыйнай адказнасці. Але спагнаць штраф з непрацуючага чалавека не так проста: добраахвотна ён не плаціць, а афіцыйных крыніц даходу, з якіх можна зрабіць штрафныя адлічэнні, у яго няма.

    Што ж тычыцца аб’ёмаў прыдарожнага гандлю, то ўяўленне аб іх можна зрабіць хаця б па тым, што пасёлак Сасновы вядомы ўсёй краіне як месца, дзе заўсёды можна атаварыцца самымі рознымі рыбнымі далікатэсамі.

    Грошы на рыбе робяцца прыблізна так. Скупшчыкі — дарэчы, не парушаючы ніякіх законаў — набываюць у мясцовых жыхароў злоўленую імі верхаводку па цане 15-20 тысяч за кілаграм. Гэтай рыбы ў вадасховішчы многа, ловіцца яна лёгка, так што пастаўкі ідуць бесперабойна. Рыбная драбяза вяліцца і праз некалькі дзён прадаецца на трасе за 25 тысяч. Толькі ўжо не кілаграм, а  10 штук. Раскупляецца самаробная «таранка” жвава: цана не вельмі высокая, а якое ж піва без сушанай рыбы? Падчас нерасту хітом продажаў становіцца ікра верхаводкі: 100 грамаў каштуе 60 тысяч, і яна таксама разлятаецца ўмомант.

    Зразумела, барацьба з незаконным гандлем рыбай вядзецца, і паступова яе маштаб скарачаецца. Але пакуль гэты занятак будзе даваць 150 і болей працэнтаў прыбытку, знішчыць яго наўрад ці атрымаецца. Хаця Андрэй Долгі перакананы: калі б пакупнікі пабачылі, у якіх антысанітарных умовах вядзецца апрацоўка прыдарожных далікатэсаў, жаданне набыць «сасноўскай рыбкі” знікла б у іх назаўсёды.

    Яшчэ адна тэма, якую хацелася абмеркаваць з начальнікам ІАЖіРС — удзел грамадскасці ў барацьбе з браканьерствам. Як высветлілася, слоў удзячнасці за праяўленне неабыякавай пазіцыі дастойны ўсяго каля 5% грамадзян, што паведамляюць у інспекцыю аб убачаных парушэннях канкрэтна, аператыўна і дэталёва. Пераважная ж большасць ці хвалюецца з-за нейкай драбязы (кот не можа злезці з дрэва), ці ўвогуле патрабуе ўмяшальніцтва ў справы, якія ў кампетэнцыю ІАЖіРС не ўваходзяць (расчыстка вуліц ад снегу). Ну а самае распаўсюджанае паведамленне такое: п’яны голас у тэлефоне патрабуе прыехаць і навесці парадак, прычым неадкладна, абяцаючы ў адваротным выпадку паскардзіцца «куды трэба”. Званок, як правіла, ананімны, а тлумачэнне сэнсу праблемы настолькі цьмянае, што даверу такая «грамадская ініцыятыва” не выклікае ніякага.

    Засада на турбазе «Ветразь”

    Тым часам Вячаслаў Гарачы, Павел Кавальчук, да якіх далучыўся грамадскі інспектар Уладзімір Жураўлевіч, падрыхтавалі да рэйду неабходную тэхніку: бартавы УАЗік і маторную лодку. План прадугледжваў патруляванне па рацэ Свіслач вышэй вадасховішча, так бы мовіць, у памежнай зоне паміж Пухавіцкім і Асіповіцкім раёнамі, куды рыба з вадасховішча падымаецца ўверх па цячэнні падчас нерасту. Мясціны тут даволі глухія, а дарогі заблытаныя, што для браканьерскіх спраў толькі плюс.

    Тактыка дзеянняў — актыўны пошук. Гэта азначае, што лодка нетаропка ідзе па рацэ, цягнучы за сабой «кошку” — прыстасаванне, якім можна выцягнуць нябачныя з паверхні сеткі. Як толькі ў поле зроку яе экіпажа трапляе падазроны рыбак, на дапамогу выклікаецца машына, чыя задача — перакрыць шляхі адыходу верагоднага парушальніка. Калі ж на рацэ ўсё ціха, УАЗік займае ключавы пункт на мясцовасці, адкуль можа кантраляваць рух машын у бок рэчкі.

    Як толькі рэйдавая група патрапіла да месца, адкуль было запланавана пачынаць агляд Свіслачы, Жураўлевіч з Кавальчуком селі ў лодку, а мы з Гарачым паехалі ўздоўж берага, перыядычна спыняючыся, каб увайсці ў кантакт з лодкай. Улоў у яе, дарэчы, быў не багаты: невялікая сетка ды «морда” — адмысловая пастка для рыбы. Некалькі тыдняў назад тут удалося затрымаць даволі многа браканьераў, і, натуральна, пэўны час яны будуць сядзець ціха.

    Ды і сумленных рыбакоў, якія карысталіся дазволенай у перыяд нерасту «адной вудай з адным кручком”, на ўзбярэжжы завіхалася шмат, а побач з імі браканьераў не бывае: апошнія баяцца сведкаў. Па тых жа прычынах усё было спакойна і ў экіпажа УАЗіка: некалькі разоў у поле зроку Гарачага трапляла машына, якая кіравалася да чарговага «клёвага месца”, але пры праверцы аказвалася, што за рулём законапаслухмяныя рыбакі.

    Вось так, без асаблівых прыгод, даехалі да закінутага трохпавярховага будынка, які некалі гадоў таму быў месцам лячэння наркаманаў ды алкаголікаў і меў назву «турбаза «Ветразь”. У якасці назіральнага пункта гэтае месца — проста ідэал. Лясная дарога, каля якой месціцца турбаза, вядзе ў вёску Цэль, але для паездак туды ёю наўрад ці хто карыстаецца: надта занядбаная. Так што «чужыя тут не ездзяць”…

    Чакалі доўга, але дачакаліся: у цэльскім накірунку праскочыў чырвоны «Фіят”. «Трэба праверыць”, — сказаў Гарачы, і мы рушылі ў пагоню.

    Чым далей УАЗік паглыбляўся ў вільготны і дрэнна дагледжаны лес, тым больш мацнела перакананне, што вылазка будзе плённай. Здавалася неверагодным, што вадзіцель без сапраўды істотнай прычыны будзе псаваць сваю машыну на гэтым «танкавым шляху”.

    Вось дарога пайшла ўгору і выскачыла на казачнай прыгажосці палянку. Чырвоны «Фіят” стаяў тут, а яго вадзіцель — малады мужчына з лапатападобнай барадой весела і спакойна глядзеў на нечаканых спадарожнікаў. Ён таксама аказаўся сумленным рыбаком, якому захацелася наведаць любімы куток узбярэжжа.

    Пакідаць чароўную паляну, з якой адкрываўся цудоўны від на Свіслач, не хацелася, але нагадала пра сябе лодка: Кавальчуку і Жураўлевічу ўдалося злавіць браканьера. Каб хутчэй рухацца далей, экіпаж плаўсродку папрасіў Гарачага ўзяць на сябе «папяровыя” фармальнасці па афармленні адміністрацыйнага правапарушэння.

    Пратакол, крыніца, вяртанне

    Па дарозе праязджалі ўзбоч моста, на сярэдзіне якога штосьці рабілі двое юнакоў. «Павука скінулі”, — ацаніў іх паводзіны Гарачы, але спыняцца не стаў: без лодкі знайсці незаконную прыладу ўсё роўна не атрымаецца.

    Дабіраліся да лодкі даволі доўга. Аказалася, што непасрэдна да берага, дзе знаходзіўся затрыманы браканьер, на машыне не пад’ехаць, так што апошнія паўкіламетра давялося ісці пешшу.

    Парушальнік — мажны вусаты дзядзька — сустрэчу з інспектарамі ІАЖіРС успрыняў філасофскі. Віну прызнаў, уздыхнуў, калі даведаўся пра суму, з якой давядзецца развітацца: з дапамогай «павука” — пад’ёмнай сеткі — злавіў 9 гусцер і аднаго ляшча, чым нанёс урон рыбалоўным угоддзям у памеры 840 тысяч рублёў. Прычыну свайго ўчынку растлумачыў нават з пэўнай самаіроніяй. Маўляў, знайшоў у кустах схаванага «павука” і вырашыў паспрабаваць прыстасаванне ў справе. Разумеў, што робіць дрэнна, але ж разабраў рыбацкі азарт. Вось і кідаў сетку амаль пяць гадзін запар…

    Дарэчы, такое тлумачэнне інспектараў не здзівіла: па іх назіраннях сярод браканьераў-рыбакоў насамрэч сустракаюцца людзі, якіх спакушае да карыстання незаконнымі прыладамі лоўлі выключна спартыўны інтарэс. Як правіла, такія парушальнікі маюць вышэйшую адукацыю і дастаткова высокі ўзровень даходаў. Відаць, не хапае ім у жыцці нейкіх вострых адчуванняў…

    Парушальнік паводзіў сябе па-джэнтльменску, усяляк дапамагаючы Вячаславу Гарачаму афармляць належныя паперы. Час набліжаўся да адзінаццаці гадзін вечара, і чалавеку яўна хацелася хутчэй пайсці дадому. На развітанне інспектар уручыў парушальніку павестку, з якой ён павінен у абумоўлены час прыбыць у офіс інспекцыі.

    Па сутнасці, на гэтым рэйд і скончыўся. Засталося толькі даехаць да месца, дзе можна пагрузіць лодку ў машыну, а яшчэ — наталіць смагу з крынічкі: за доўгі спякотны дзень усе запасы вады скончыліся.

    Аднак у апошні момант узнікла нечаканая перашкода: з-за падзення вады бераг Свіслачы стаў такім стромкім, што ўзняць на яго лодку аказалася зусім няпростай задачай. Рухавік шматпакутнага УАЗіка, які павінен быў выцягнуць маторку, з-за звышнарматыўнай нагрузкі перагрэўся, і паветра запоўніў характэрны востры пах: дыск счаплення яўна працаваў на мяжы тэмпературнай трываласці.

    Калі вярнуліся ў Сасновы, стомленую рэйдавую групу сустрэў Андрэй Долгі. Паслухаўшы кароткую справаздачу, паведаміў падначаленым, што заўтра ім наўрад ці давядзецца начаваць дома: стала вядома, дзе і ў які час можна затрымаць аднаго з заўзятых асіповіцкіх браканьераў, таму плануецца арганізацыя засады.

    Прапанаваў начальнік інспекцыі далучыцца і карэспандэнту «раёнкі”. Шчыра кажучы, даць згоду вельмі хацелася, але стрымала пачуццё прафесіянальнай адказнасці: выхад публікацыі аб рабоце ІАЖіРС быў запланаваны ў чарговы нумар газеты, і часу, каб яго напісаць, заставалася зусім мала…

    Дзмітрый САЎРЫЦКІ.

    ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

    Please enter your comment!
    Please enter your name here

    Реклама

    Последнее

    В Осиповичском районе стартовала кампания иммунизации населения против гриппа, которая продлится по 1 января 2022 года

    Подготовьтесь к сезонному подъему  заболеваемости гриппом заранее! Ежегодная вакцинация против гриппа — одно из глобальных и наиболее эффективных профилактических мероприятий. Сегодня особенно важно не допустить...

    Поддержка материнства и детства – один из национальных приоритетов Беларуси

    Поддержка материнства и детства в Беларуси включает обеспечение необходимых условий труда, медицинское сопровождение беременных женщин, предоставление социальных отпусков, выплата пособий и др. По информации Министерства труда и соцзащиты Республики Беларусь, в текущем году расходы на выплату пособий составят порядка 2,5 млрд. рублей. Они выплачиваются на 440 тысяч детей или каждого четвертого ребенка в стране.

    Новые точки на карте “огненных деревень”

    В рамках проекта "Электронная книга "Память" сформирована региональная база данных "Огненные деревни Осиповичского района", которая включает 83 населенных пункта, полностью или частично уничтоженных в годы Великой Отечественной войны. За основу ее создания взята республиканская база данных "Сожженные деревни", которая была представлена к 70-летию Хатынской трагедии (март 2013 года) и сейчас доступна на сайте Национального архива Республики Беларусь.

    Коротко о разном. Осиповичи

    Падчас прафілактычнага мерапрыемства “Арсенал” супрацоўнікамі РАУС з незаконнага абароту канфіскавана адна незарэгістраваная дробнакаліберная вінтоўка і 95 патронаў да яе; у індывідуальных уладальнікаў агнястрэльнай зброі — паляўнічы карабін, 5 гладкаствольных паляўнічых стрэльбаў, 1 газавы пісталет (за парушэнне правілаў захоўвання агнястрэльнай зброі). Індывідуальнымі ўладальнікамі зброі здадзена на знішчэнне 2 карабіны і 4 гладкаствольныя паляўнічыя стрэльбы. Грамадзянамі добраахвотна здадзены 4 незарэгістраваныя гладкаствольныя паляўнічыя стрэльбы і 125 патронаў.

    Бывшие минчане — нынешние осиповчане. Семья, которая со столицы переехала в село

    З вёскі ў горад з’язджаюць многія. А вось у зваротным напрамку міграцыя адбываецца значна радзей. І таму калі заехалі ў Коханаўку, якую не наведвалі каля года, адразу звярнулі ўвагу на адну з сядзіб, дзе вольна гуляюць козы, паміж якімі весела скочуць аблавухія трусы. Індакачкі нават не звяртаюць увагі на катоў, якія насуперак прыроднаму інстынкту зусім не збіраюцца паляваць на птушак. Гусі, ганарліва трымаючы асанку і грэбліва паглядаючы на шматлікіх кур, асобна групкамі, нібы прадстаўнікі шляхты, праходжваюцца туды-сюды па тэрыторыі двара, а бык ляніва пазірае за ўсімі з-пад дрэва: маўляў, што возьмеш з гэтай драбязы?