Наша краіна адзначае адну з важных дзяржаўных дат — Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Канстытуцыя — гэта асноўны закон, у якім прапісаны правы і абавязкі кожнага грамадзяніна рэспублікі, выбарчая сістэма, дзяржаўны лад. Дзякуючы Канстытуцыі любы чалавек у нас мае права на годнае жыццё і асабістае развіццё.
Гэты дзень у краіне пачалі святкаваць пасля прыняцця Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь Асноўнага Закона 15 сакавіка 1994 г. У 1996 і 2004 гадах у яго былі ўнесены змяненні і дапаўненні. Дакумент увабраў у сябе лепшы вопыт сучаснага заканадаўства, і гэта цалкам заканамерна: менавіта на тэрыторыі Беларусі дзейнічала адна з першых канстытуцый сярэдневяковай Еўропы — Статут Вялікага княства Літоўскага.
З нагоды свята сёння ў раённым Цэнтры культуры наладжана традыцыйная рэспубліканская ўсебеларуская патрыятычная акцыя райкама ГА «БРСМ” «Мы — грамадзяне Беларусі”, падчас якой 31 асіповіцкаму школьніку ва ўрачыстай абстаноўцы ўручаны пашпарт, Канстытуцыя краіны і сувенірная кніга «Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь”.
Вось і вучань СШ № 1 Аляксандр ПЛЮТ разам з другімі на ўрачыстасці атрымаў свой галоўны дакумент. У лістападзе юнаку споўнілася 16 гадоў, і малады чалавек жыве актыўным грамадскім жыццём школы:
— Для мяне гэта важная падзея і вельмі ганарова, што ўручэнне дакументаў адбудзецца ў Дзень Канстытуцыі. Пашпарт не толькі дае адпаведныя правы грамадзяніна, але і азначае, што ў мяне ёсць абавязкі, і я павінен стаць яшчэ больш адказным за свае ўчынкі і жыццё.
Array