17 лістапада
на тэрыторыі закінутай бальніцы ўпершыню прайшла ваенна-спартыўная гульня
нацыянальнага ўзроўню. «Баявыя дзеянні», у якіх прынялі ўдзел каля
350 страйкбалістаў з Беларусі і Расіі, былі арганізаваны рэспубліканскім
спартыўна-грамадскім аб’яднаннем «Страйкбол» як закрыццё гульнёвага
сезона. Клубы з Мінска, Бабруйска, Гродна, Брэста, Магілёва, Гомеля і іншых
гарадоў нашай краіны разам з камандамі з Санкт-Пецярбурга (РФ) выставілі
найбольш спрактыкаваных «байцоў».
З-за моцнага саставу каманд (сярод удзельнікаў
была нават знакамітая біятланістка Алена Зубрылава) «штурм Фалуджы» —
менавіта на гэтым эпізодзе вайны ў Iраку грунтаваўся сцэнарый асіповіцкай
гульні — скончыўся ўнічыю: «сілы міжнароднай кааліцыі» так і не
здолелі выбіць з займаемых пазіцый «народныя ваенныя фарміраванні
Iрака».
Асіповіцкія страйкбалісты — усяго 20 чалавек —
былі прадстаўлены камандай «ОСА» і групай неарганізаваных аматараў,
«вольных стралкоў». «ОСА» дзейнічала ў шэрагах «НВФ
Iрака» і бліскуча адбіла ўсе атакі пераўзыходзячых сіл
«праціўніка» на свае пазіцыі. Але галоўнае дасягненне землякоў куды
больш істотнае. Яны даказалі справай, што буйныя гульні ў нашым горадзе можна
праводзіць на вельмі высокім арганізацыйным узроўні!
Падрабязнасці
«штурму асіповіцкай Фалуджы» — на сайце: airosoftgun.by.