Кампанія
«Белга-Прам” — адзін з буйнейшых вытворцаў шакаладнай глазуры і розных
напаўняльнікаў у нашай краіне. Працуе яна на рынку больш за 15 гадоў і ўжо
забяспечыла сабе высокую дзелавую рэпутацыю. «Раёнка” неаднаразова расказвала,
чым і як жыве мясцовае прадпрыемства, і многія асіпаўчане, безумоўна, добра знаёмы
і з яго прадукцыяй, якую неаднаразова набывалі ў рознічным гандлі. Але апошнім
часам чамусьці цяжка было знайсці яе ў нашых магазінах, і «АК” вырашыла
напачатку восені зноў пацікавіцца ў кіраўніцтва пра лёс асіповіцкага шакаладу.
— Пакуль
давайце аднясем сустрэчу на больш позні тэрмін, — сказаў тады дырэктар
сумеснага таварыства з абмежаванай адказнасцю «Белга-Прам” Цімафей Анціпін. —
Якраз запускаем лінію па выпуску новай прадукцыі, і як толькі сыдзе з канвеера
першая партыя, больш падрабязна раскажам пра гэта.
…Адчыніўшы
дзверы фабрыкі, адразу адчуваеш прыемны шакаладны пах, які вітае ў паветры. Тут
жа выклікае жаданне паласавацца гэтым смачным прадуктам.
Разам з
інжынерам-тэхнолагам Дзіянай Iвановай праходзім па вытворчых участках — для
знаёмства з тэхналагічным працэсам.
— У першым
цэху, — гаворыць яна, — рыхтуюцца паўфабрыкаты для прадукцыі, якая выпускаецца
наступнымі двума. Гэта шакаладкі, дробсы, цукеркі, а з нядаўняга часу і новы
від вырабаў — полыя фігуркі ў вы-глядзе розных звыклых воку прадметаў.
На другім
паверсе нас сустракае начальнік вы-творчага ўчастка № 3 Таццяна Пашкова, якая
пільна сачыла за работай людзей з пэндзлямі ў руках, даючы ім канкрэтныя
рэкамендацыі.
— Гэта нашы
кандытары-мастакі, якія заняты нанясеннем малюнка будучай шакаладнай фігуры па
пластмасавых пласцінах, якія складаюцца з дзвюх частак, — гаворыць Таццяна
Мікалаеўна. — Выкарыстоўваецца глазура трох колераў: белага, цёмна- і
светла-карычневага — каб выглядала будучая фігура больш святочна і прыцягвала
сваёй шыкоўнасцю пакупніка. Паглядзіце, якія прыгожыя зайцы атрымліваюцца, —
паказала яна рукой на ўжо гатовую прадукцыю. — Працэс, безумоўна, патрабуе ад
работніц цярпення і пэўнай спрактыкаванасці, якой пакуль яшчэ не хапае: лінію
запусцілі толькі ў верасні, а за такі кароткі тэрмін вопытнымі не становяцца.
Аднак старання ў іх не адымеш, і з кожным днём хуткасць павялічваецца, зараз за
8 гадзін яны ўжо дэкарыруюць 400 фігур. Затым пласціны адпраўляюцца непасрэдна
на лінію, якая з дапамогай майстра Андрэя Рудзя і выконвае астатнюю работу:
нараджае на свет сапраўдныя шэдэўры — тую самую салодкую сувенірную прадукцыю,
якая і падкупляе спажыўца сваёй арыгінальнасцю. У гэтым можаце ўпэўніцца,
заглянуўшы ў наш фірменны павільён, які днямі адкрыўся ў магазіне «Пахомаўскі”,
што на цэнтральнай плошчы горада.
Перад тым, як
зайсці ў цэх, дзе кіпіць работа па заліццю ў формы шакаладу, праходзім санкантроль.
I вось перад вачыма ўжо на-дзейна замацаваныя на кранштэйнах невялікай машыны
«танцуюць” знаёмыя пласцінкі, напоўненыя шакаладнай масай. Праз некалькі хвілін
яны ўручную здымаюцца і ад-праўляюцца ў цэх гатовай прадукцыі, дзе некалькі
рабочых старанна ўпакоўваюць фігур- кі ў каробкі, якія затым адправяцца па
назначэнні.
У чарговы раз
здзівілася таму, што прадстала перад вачыма. Чаго тут толькі не было! Розныя па
вазе, канфігурацыі, вы-глядзе так званыя полыя фігуркі былі адна лепшая за
другую. Уразілі сваім памерам казачныя зайцы і Дзяды Марозы. Як сказала Таццяна
Мікалаеўна, важаць яны каля трох кілаграмаў, але ёсць і маленькія, 30-грамовыя
шакаладныя рэчы. А яшчэ падкупілі розныя матацыклы, машынкі, мабільныя тэлефоны
і іншая дробязь — усяго на патоку каля двухсот відаў фігурак!
Прамая мова:
дырэктар сумеснага таварыства з абмежаванай адказнасцю Цімафей Анціпін:
— Цяжка знайсці
чалавека, які б не любіў шакалад. На смак гэты ласунак становіцца больш
вытанчаным, калі мае арыгінальны выгляд. Таму і вырашана было закупіць лінію па
выпуску незвычайнай прадукцыі. Заключылі дамову з Германіяй, якая вядома на
сусветным рынку сваім шакаладам, адправілі туды вучыцца сваіх людзей і набылі
там жаданую машыну, якую і ўстанавілі.
Чаму пайшлі на
такі крок? Захацелася здзівіць спажыўца нечым незвычайным, чаго няма яшчэ ў
нашай краіне. Прычым, мы не ставім мэту абысці такія вядомыя шакаладныя
беларускія брэнды, як «Камунарка” ці «Спартак”. Хутчэй — наадварот, хочам
дапамагчы канкрэтнаму заказчыку, які думае пра імідж прадпрыемства. I
разлічвае, што наш прадукт стане яго своеасаблівай візітнай карткай —
прэзентам, які можна прапанаваць пры дзелавой або прыватнай сустрэчы з патэнцыяльным
партнёрам, ад чаго яна стане больш яркай, каларытнай, а перамовы —
перспектыўнымі. Многія людзі любяць дарыць незвычайныя падарункі блізкім і
знаёмым, дзецям і дарослым. Ды і ў якасці сувеніра такі прадукт можна вывезці
за межы краіны — як той самы шакалад «Родны кут”, які добра вядомы многім
асіпаўчанам. Хочам у будучым пайсці далей і прапанаваць шакаладных зубра,
бульбіну. Можна падумаць і пра сімвал горада Асіповічы…
З нагоды
Прадавец
шакаладнага аддзела Светлана Яшынская:
— Павільён
працуе толькі некалькі дзён, але асіпаўчане ўжо змаглі ацаніць прадукцыю «Белгі”.
Кожны, хто наведваецца да нас за пакупкамі, застаецца задаволены як
асартыментам, так і якасцю тавара. Ёсць ужо нават попыт на асобныя віды полых
фігурак. Напрыклад, шакаладныя мабільнікі разляцеліся з прылаўка за лічаныя
гадзіны — прыйшлося дадаткова даваць заяўку на фабрыку…
Пакупнік
Таццяна Прыбытовіч:
— Цудоўна, што
ў горадзе з’явіўся фірменны аддзел па продажы такой смачнай прадукцыі,
выпускаемай мясцовымі вы-творцамі. Цяпер можна купіць, што душа пажадае: ад
традыцыйных плітак шакаладу да такіх арыгінальных фігурак. Ды і ў госці
нясорамна пайсці з такімі «рэчамі” — стопрацэнтна гарантаваны для гаспадара
добры настрой. I за мяжу з такімі шыкоўнымі прэзентамі можна махнуць!
Ніна ВIКТОРЧЫК.