Асартыментны пералік тавараў у магазінах зараз значна шырэйшы,
чым у савецкія часы. Ды і перабояў з іх дастаўкай практычна няма. Штодня, асабліва
каля буйных гандлёвых цэнтраў, можна бачыць чаргу машын, якія прывезлі розны тавар.
Завозіццца ён у большасці выпадкаў прама з прадпрыемстваў, хаця пакуль што некаторы
трапляе ў магазіны з аптовых баз, дзе складзіруюцца так званыя стратэгічныя тавары:
соль, цукар, запалкі, цыгарэты і г.д. У структуры ААТ «Гандаль” таксама ёсць такая
адзінка, як гандлёвая база. Размешчана яна непадалёк ад гарадскога рынку, паблізу
чыгункі, і сваю прапіску не мяняла з даты заснавання. Як жа яна развіваецца сёння?
Як было
Перападлік цягнуўся больш за месяц
— Прыйшла сюды працаваць у 1984 годзе, — гаворыць кладаўшчык
Людміла Верашчагіна. — Калектыў налічваў з паўсотні чалавек — адных грузчыкаў было
два дзясяткі. Тавараў жа столькі, што і на працягу месяца не паспявалі справіцца
з запла-наваным перападлікам. Прычым не толькі харчовых, але і прамысловых. Многія
тавары дастаўляліся па чыгунцы, а зараз пра вагоны ўжо і забыліся. Запасы нават
перашкаджалі, бо прыходзілася займацца пераўцэнкай тых, якія не надта карысталіся
попытам і падоўгу залежваліся на складах. Уся сістэма ўліку вялася ўручную або з
дапамогай пішучай машынкі.
Выратавала базу тара
— Але прыйшлі 90-я гады, так званая перабудова, і з прылаўкаў
магазінаў пачалі знікаць многія тавары, якія раней паступалі з розных гарадоў цяпер
ужо былога Савецкага Саюза, — працягвае Людміла Станіславаўна. — Паступова пусцелі
і склады. Адзінае, што знаходзіла тут прытулак, гэта тара: бутэлькі, каробкі, скрынкі,
кантэйнеры. Машына забірала яе ў магазінах і прывозіла сюды. Дзякуючы такой працэдуры,
база не развалілася і дачакалася лепшых часоў, калі зноў пачала ажыццяўляць ранейшыя
функцыі.
Як ёсць
— Безумоўна, зараз не можам пахваліцца ранейшымі аб’ёмамі складзіраванай
прадукцыі, — дадае загадчык базы ААТ «Гандаль” Віктар Паланевіч. — Сёння многія
пастаўшчыкі працуюць напрамую з гандлёвымі кропкамі. Тычыцца гэта як тавараў харчовых,
так і прамысловых. Дарэчы, апошніх на нашай базе наогул няма — усе яны адразу ідуць
у магазіны. Таксама і з прадуктамі, якія хутка псуюцца. Наша задача — прыняць тавар,
праверыць тэрміны рэалізацыі, наяўнасць сертыфі-катаў і пасведчанняў якасці. Калі
патрабуецца — пера-грузіць яго на машыны, якія належаць «Гандлю”, і развезці па
назначэнні. Безумоўна, частку дастаўленага на базу размяшчаем у складзе, каб можна
было ў любы час адгукнуцца на заяўкі магазінаў. У асноўным гэта тавары стратэгічнага
прызначэння. Вялікіх запасаў не робім — няма неабходнасці. Зараз маем прадукцыі
на 820 мільёнаў, а ўсяго тавараабарот складае штомесяц тры з паловай мільярды. На
жаль, асартыментны пералік апошнім часам значна знізіўся. Прычына? У горадзе з’яўляецца
ўсё больш крам, якія прапануюць аналагічны тавар. Як і ў былыя гады, займаемся прыёмкай
тары. Усе ўпаковачныя рэчы павінны вярнуцца назад.
— Як адбываецца пошук неабходнага?
— Гэтую работу выконваюць таваразнаўцы гандлёвага аддзела, які
ўзначальвае Міхаіл Ніканчык. Яны вывучаюць попыт, звязваюцца з вытворцамі і заключаюць
дагаворы. Пасля заказ паступае або да нас, або адразу ў гандлёвую залу. Сёння наша
таварыства супрацоўнічае са 100 пастаўшчыкамі з розных рэгіёнаў краіны, якія прапануюць
у асноўным прадукцыю айчыннай вытворчасці. Хаця 3-4 працэнты ад усяго асартыментнага
пераліку ўсё ж прыпадае на замежныя тавары: чай, кава, грэчка, рыс, шпроты, экзатычная
садавіна. Найбольш цесна супрацоўнічаем з аптовай базай «Бакалея” з Бабруйска, Бярозаўскім
сыраробным камбінатам, «Савушкиным продуктом”, «Слодычам”, Віцебскай і Магілёўскай
птушкафабрыкамі. Дарэчы, кожны з іх гатовы прывезці любую колькасць тавару, нават
зусім малую партыю.
— Як фарміруецца цана на прадукцыю?
— Яна на кожны тавар розная. Усё залежыць ад таго, якую цану
выстаўляе пастаўшчык. Намі ўстанаўліваецца нацэнка не больш за 30 працэнтаў. Напрыклад,
на кандытарскія вырабы — менавіта такая, на куры — 20, на гарэлку з віном — ад
15 да 20. Ёсць і фіксаваныя, якія ніхто не мае права памяняць. А яшчэ яна залежыць
ад попыту.
— Раскажаце пра калектыў?
— Ён невялікі, але дружны. Некаторыя працуюць тут не адзін дзясятак
гадоў — загадчык склада Таццяна Трухан, аператары Наталля Рэкашава, Таццяна Чорная.
Апошняя загадвае і магазінам, які адпускае тавары для так званых закрытых устаноў.
Усе без выключэння добра спраўляюцца са сваімі абавязкамі, заўсёды гатовы дапамагчы
адзін аднаму. Камп’ютарная тэхніка таксама паўнапраўны член калектыву. З яе дапамогай
апрацоўваецца каля трохсот суправаджаючых дакументаў. Словам, усё, што залежыць
ад нас як структурнага падраздзялення арганізацыі, выконваецца з пачуццём адказнасці.
Ніна ВІКТОРЧЫК.