Калі звярнуцца да гісторыі, можна даведацца, што слова «эканоміка” з’явілася ў Старажытнай Грэцыі і азначала «дамаводства”, гэта значыць, эканамічнаму аналізу падвяргалася вядзенне дамашняй гаспадаркі. Першым жа эканамістам лічыцца Арыстоцель, які будаваў тэорыі наконт абмену тавараў, іх кошту і карысці.
Зараз эканаміст — адзін з самых значных спецыялістаў на прадпрыемстве. Менавіта гэты работнік задае вектар руху сумесных намаганняў калектыву, расстаўляе прыярытэты і мэты, каб атрымаць максімальны прыбытак з найменшымі стратамі. Словам, працуе па складзенаму бізнес-плану.
— Напрыканцы 70-х га-доў такога слова, як бізнес, не існавала, — гаворыць эканаміст нашай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі Ганна Скараход. — Гэта сёння работадаўцы прад’яўляюць высокія патрабаванні да чалавека, які мае намер заняць пасаду эканаміста: ад умення аналітычна мысліць да валодання спецыяльнай камп’ютарнай праграмай. Прычым звычайна выбіраюцца не ўчарашнія выпускнікі, а спецыялісты з вопытам. А тады, калі існаваў Савецкі Саюз, усё было значна прасцей. Уладкоўваліся на работу ўсе маладыя спецыялісты, бо рынак працы быў не такі перанасычаны.
— Значыць, Вы не адразу ведалі, адкуль бярэцца прыбытак і чаму яго няма?
— Як вядома, ВНУ даюць толькі тэарэтычныя веды, а практычна прыходзіцца вучыцца непасрэдна ў працэсе работы. Так было і са мной. Пасля заканчэння Маскоўскага інстытута транспарту ў 1983 годзе па спецыяльнасці інжынер-эканаміст прыехала па размеркаванні ў Магілёўскае аддзяленне чыгункі. Яно і накіравала мяне ў Асіповічы — у арганізацыю, дзе працую і цяпер. Спачатку рабіла інжынерам па ахове працы, а праз некалькі месяцаў прыступіла да выканання абавязкаў эканаміста. Але не ўсё атрымлівалася так, як трэба. Узяць кансультацыю на месцы не магла, таму звярталася ў іншыя падобныя арганізацыі, чытала спецыяльную літаратуру. З цягам часу адышлі ў нябыт костачкавыя лічыльнікі і калькулятары — асвоіла і сама камп’ютар і іншую сучасную тэхніку. Амаль 30 гадоў работы не прайшлі бясследна — цяпер ужо да мяне звяртаюцца за дапамогай…
— На што накіравана фінансавая дзейнасць дыстанцыі?
— Яна непарыўна звязана з вытворчай: на забеспячэнне ўстойлівага функцыянавання тэхнічных сродкаў сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакіроўкі, радыё, праводнай сувязі, іншых відаў чыгуначнай аўтаматыкі і тэлемеханікі, ад якіх залежыць бяспека руху цягнікоў, выкананне бізнес-плана і г.д. Прадпрыемства ў нас не такое ўжо і малое — абслугоўваем 512 кіламетраў пуцей, 36 пастоў электрычнай цэнтралізацыі, амаль 110 кіламетраў аўта- і 417 паўаўтаматычнай блакіроўкі, 139 пераездаў, абсталяваных аўтаматыкай, 17 дыстанцыйна-інфармацыйных сістэм кантролю букс, 4 аўтаматычныя тэлефонныя станцыі ёмістасцю 4100 нумароў, 1.058,7 кіламетра магістральных і 435,6 валакніста-аптычных, 310,3 кіламетра мясцовых ліній сувязі, 178 камплектаў апаратуры ахоўнай сігналізацыі. За ўсёй гэтай гаспадаркай стаіць 300 чалавек працаздольнага калектыву, які працуе зладжана і прафесіянальна, эканамічна ўмацоўваючы прадпрыемства.
— Чым займаецеся ў вольны час?
Яго не так і багата. Жыву з сынамі і мужам у прыватным доме. Ёсць прысядзібны ўчастак, дзе вырошчваю агародніну і кветкі, якіх у мяне не адзін дзясятак. Асабліва люблю ружы і лілеі. Догляд за імі дае магчымасць зняць любы стрэс. Зімой можна і што-небудзь пачытаць. Праўда, газеты заўсёды чытаю, асабліва — «Советскую Белоруссию”, якую выпісваю пастаянна. Раз у год абавязкова наведваюся на Браншчыну, дзе жывуць мама і сястра. За гады жыцця ў Асіповічах палюбіла горад і лічу яго другой радзімай, хаця спачатку, скажу шчыра, ён мне не надта спадабаўся. Зараз жа — наадварот: стаў чыстым, утульным. Прыемна, што яму ўжо зайздросцяць госці, што прыязджаюць да мяне з Расіі. Адтуль калісьці прыехала і я сама, на ўсё жыццё звязаўшы свой лёс з прадпрыемствам, якому ўдзячна за станаўленне і пастаянную падтрымку…