Праграма прыгажосці
Опубликовано: Редактор
Пятница, 10.02.2012 15:38.
Рубрика: Прырода і экалогія
Сёння тэрыторыі прадпрыемстваў выглядаюць ахайна і прыгожа, і гэта з’ява настолькі звыклая, што, каб уявіць занядбаны індустрыяльны пейзаж, патрэбна «ўключыць” фантазію на поўную магутнасць. Аднак так было не заўсёды. Больш таго, з моманту, калі ў нашай краіне навядзенне парадку на зямлі стала адным з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі, не прайшло нават дзесяцігоддзя. Што скажаш, чалавек да добрага прывыкае хутка…
Асіповіцкі завод аўтаагрэгатаў заўсёды ўдзяляў шмат увагі добраўпарадкаванню сваёй вытворчай базы, а ў мінулым годзе здолеў зрабіць у гэтай справе моцны рывок уперад і стаў бясспрэчным раённым лідарам.
Такое дасягненне не было выпадковым: ужо 6 гадоў на прадпрыемстве дзейнічае ўласная канцэпцыя ландшафтнага дызайну і выконваецца штогадовая праграма, у адпаведнасці з якой кожнае структурнае падраздзяленне завода прымае той ці іншы ўдзел у агульным добраўпарадкаванні. Сфарміравалася ў калектыве і своеасаблівая суполка «садаводаў”-аматараў, якія займаюцца гэтай справай ахвотна і з душой.
Вось так агульнымі намаганнямі і ўдалося ўжо зрабіць даволі шмат. На жаль, вялікае бачна на адлегласці, таму ў цэлым развіццё ландшафтнага дызайну АЗАА можна ацаніць хіба што з паветра. Прынамсі, гэта ўжо адбылося: адзін лётчык-аматар з бабруйскага аэраклуба, які пралятаў над заводам, а пазней завітаў сюды па нейкіх справах, не хаваючы эмоцый адзначыў, што тэрыторыя аўтаагрэгатчыкаў выглядае, як сапраўдны парк!
Летась у гэтым парку быў створаны эстэтычны цэнтр на месцы непатрэбнага падмурка аднаго з унутрызавадскіх «недабудаў” разбілі сквер, у планіроўцы якога прымяняліся самыя актуальныя ідэі садова-паркавай архітэктуры. Наколькі паспяховым стаў праект, красамоўна сведчыць вялікая колькасць жадаючых сфатаграфавацца на ўлонні кутка казачнай прыроды. Цікава, што сквер стаў не толькі папулярным месцам рэлаксацыі працаўнікоў, але і свайго роду іміджавай рэкламай завода. Здымак на памяць тут робіць амаль кожны, хто прыязджае на АЗАА.
Генератар ідэй і каардынатар усіх работ па рэалізацыі праграм добраўпарадкавання — інжынер садова-паркавай гаспадаркі Антані-на Конахава. Якая і расказала аб некаторых «сакрэтах” прыгажосці АЗАА:
— Тэрыторыя завода — гэта, натуральна, не дачны ўчастак. Розніца не толькі ў памерах: азеляненне прадпрыемства прызначана радаваць вока кожнага з работнікаў, па магчымасці круглы год дапамагаць ім зараджацца пазітыўнай энергіяй і адначасова — абавязана гарманічна ўпісвацца ў індустрыяльны пейзаж, не перашкаджаць вытворчаму працэсу.
Найлепш адпавядае гэтым умовам і абмежаванням свабодны стыль ландшафтнага дызайну, не прывязаны жорстка да пэўных форм ды колераў. Важнай перавагай выбранага стылю таксама з’яўляецца і тое, што ён дазваляе кожны сезон уносіць у вонкавы выгляд аздобленых участкаў нейкія новыя рысы, якія цалкам мяняюць іх успрыняцце.
Што тычыцца планаў на будучыню, то яны дастаткова маштабныя, дэталёва абдуманыя і маюць канчатковай мэтай пераўтварэнне ААТ «АЗАА” ў заканадаўцу моды, на якога будуць арыентавацца іншыя прадпрыемствы. А, можа, і гаспадары прыватных сядзіб у такой важнай і карыснай справе, як добраўпарадкаванне зямлі — нашага Асіповіцкага краю!
« СКАРБОНКА, з якой бяруцца грошы