Раённая газета
Асiповiцкi край
Галоўная » 2011 » Снежань » 30 » Усё проста: не спыняцца, а развівацца №113
12:58 Усё проста: не спыняцца, а развівацца №113 | |
Час няўмольны — і вось ужо і год Зайца
становіцца гісторыяй... Што прынёс ён асіпаўчанам, як спрацавала наша агульная
гаспадарка? Пра гэта і не толькі і ўзгадвае старшыня райвыканкама Пётр
ШУКАЛОВІЧ:
— Па вялікаму ліку, крыўдзіцца на год нельга: практычна ўсе асноўныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёнам выкананы. Натуральна, у кожнай галіне ёсць свае лідары, але асабліва парадавала прамысловасць, дзе аб’ём выпускаемай прадукцыі вырас ледзь не ўдвая. Прычым тое, што вырабляецца прадпрыемствамі, не залежваецца на складах, а іменна запатрабавана, разыходзіцца без за-трымкі. Таму словы ўдзячнасці тут заслугоўваюць многія працаўнікі — і завода аўтаагрэгатаў, і СП ААТ "Дах”, і малочнага камбіната з другімі. Што тычыцца сельскай гаспадаркі, то тут пачуццё дваістае: калі нашы вяскоўцы лепш за ўсіх на Магілёўшчыне працуюць з цукровымі буракамі ды рапсам і дасягнулі нядрэнных паказчыкаў у малочнай галіне, то пра ўраджайнасць зерневых падобнага сказаць нельга. Прычыны адставання розныя, у наяўнасці і аб’ектыўныя, але перш за ўсё адказ на іх трэба шукаць у сабе, у адносінах да справы, працы на зямлі і з зямлёй. А значыць, і прыбаўляць неабходна абавязкова і што хутчэй. Тым больш, што ў наступным годзе ў нас павінны з’явіцца новыя малочнатаварныя фермы. Цяпер — лічба: 52,5 працэнта. Гэта — паказчык выканання за студзень-лістапад гадавога плана жыллёвага будаўніцтва, уведзеныя намі 21,5 тысячы квадратных метраў жылля. Як бачна, запланаванае на год цалкам выканана не будзе, але шматлікія наваселлі сведчаць, што і ў далёка не лепшы для эканомікі краіны год у рэгіёне рух наперад відавочны. Задзел на будучае будаўнікі зрабілі належны, таму і ў 2012 годзе жылля ў нас будзе пабудавана ніяк не менш сёлетняга. Станоўчых момантаў на Асіповіччыне адбылося наогул шмат, але асобна вызначу дзейнасць такіх новых прадпрыемстваў, як касметычна-парфумерная фабрыка "Сонца” і ААТ "Асіповіцкі вагонабудаўнічы завод”. Першае мэтанакіравана пашырае аб’ёмы і асартымент выпускаемай прадукцыі, пральны парашок "Мара” ўжо стаў ледзь не брэндам горада, сённяшняе ўрачыстае адкрыццё другога і сапраўдная чарга за нашымі чыгуначнымі танк-кантэйнерамі — хіба гэта не дазваляе з аптымізмам глядзець у заўтрашні дзень? Укладзеныя тут у сучасныя імпартныя лініі і наогул у вытворчасць сродкі не толькі павінны хутка вярнуцца, а і пачаць прыносіць стабільны даход калектывам, у планах якіх якраз далейшае развіццё, пашырэнне вытворчасці. Надзейна-стабільная работа асіповіцкіх прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў — гэта прыстойная зарплата нашых людзей, рэгулярнае папаўненне раённага бюджэту. А значыць, магчымасць больш укладваць у добраўпарадкаванне горада і раёна, паляпшаць абслугоўванне людзей, праводзіць розныя культурна-спартыўныя мерапрыемствы і г.д. Наступнай восенню Асіповічы адзначаць сваё 140-годдзе, і падрыхтоўка да гэтай падзеі ўжо распачалася. Безумоўна, да ўзгаданай даты мы не паспеем увесці ў эксплуатацыю сучасны тэрапеўтычны корпус, фактычна новую бальніцу. Але галоўнае, што ўзвя-дзенне пабудовы — рэальнасць, на гэтыя мэты выдзелены неабходныя сродкі, а значыць, у 2013 годзе нашы людзі ўжо пазбавяцца ад нязручнасцей, звязаных з медабслугоўваннем. Вельмі спадзяюся, што пачне вырашацца і яшчэ адна "барадатая” праблема: будоўля станцыі абезжалезвання для ачысткі вады, якая паступае з паўднёвага водазабору, уключана ў праграму "Чыстая вада”, так што і яна паступова з мары набывае рэальныя абрысы. Чаго пакуль нельга, на жаль, сказаць наконт узвядзення ў горадзе сучаснай аўтастанцыі… Словам, перад намі наперадзе шмат задач самага рознага маштабу, і ўсе яны падпарадкаваны галоўнай мэце сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна — павышэнню эфектыўнасці работы эканомікі і паляпшэнню на гэтай падставе якасці і ўзроўню жыцця насельніцтва. З надыходзячым Новым годам вас, дарагія асіпаўчане! Моцнага ўсім здароўя, шчасця, дабрабыту і новых працоўных дасягненняў дзеля нашай агульнай карысці. | |
|
Прагледжана: 42 |
Дабавiў: Рэдактар
| Рэйтынг: 0.0/0 | |
| Усяго каментарыяў: 0 | |


