| На ўзбраенні — новыя тэхналогіі У цікавы час жывём, спадары! На нашых вачах адбываюцца такія рэчы, якія дзесяткі тры гадоў таму можна было назваць не інакш як фантастычнымі. Вось хаця б узяць новы малочнатаварны комплекс філіяла “Белшына-агра” ААТ “Белшына” ў Вязычыне: працэс атрымання малака тут цалкам кантралюецца робатамі, а каровы самі... ходзяць даіцца! Экскурсію па “цуда-ферме” правялі яе загадчык Сяргей Цыганкоў і інжынер па кантрольна-вымяральных прыборах і абсталяванні КВПіА Дзмітрый Беразінскі. З задавальненнем дзелімся здабытай інфармацыяй. Многім ужо вядома, што новаўведзенаму комплексу няма аналагаў ва ўсёй Еўропе — і гэтым філіял “Белшына-агра” можа ганарыцца. Глянуўшы на такі факт праз іншую прызму, менш рамантычную, бачна, што эксперыментатарам прыходзіцца ўвесь час знаходзіцца ў стане напружання. Быць першапраходцамі — місія не толькі аптымістычная, але і адказна-складаная. А ад палёту ў скачку да перадавога можа перакрыць і дыханне. Вось каб гэтага не адбылося, за вопытам спецыялісты робатызаванай фермы і ездзілі ў Валагодскую вобласць, дзе дзейнічае падобны комплекс, праўда, з меншай колькасцю робатаў. Пабывалі і ў Швецыі: абсталяванне фірмы “DeLaval” — тэхнічнае начынне новай МТФ. Канечне, шмат чаго пад-гледзелі, але нямала прыйшлося спасцігаць і самім. Праз некаторы час можна ўжо будзе дзяліцца напрацоўкамі з іншымі. А ў тым, што аналагічныя новабудоўлі пачнуць з’яўляцца на Беларусі, наўрад ці трэба сумнявацца — ад новых тэхналогій нікуды не ўцячэш. Зараз комплекс працуе яшчэ не на поўную моц: уведзена палова робатаў — 6 адзінак. На сёння тут каля 500 рагуль, а гэта значыць, запаўняецца ферма паступова — інакш нельга, бо трэба клапатліва прывучаць кароў да новага, напачатку даволі стрэсавага для жывёлы, віду даення. Першы раз кожную карову “знаёмілі” з “даяркай” аж упяцёх: прыходзілася сілком цягнуць жывёліну ў нутро электроннага “монстра”. Многія рагулі сур’ёзна су-праціўляліся, але, атрымаўшы ад металічнага гаспадара пачастунак у вы-глядзе камбікорму для высока-ўдойных кароў, спакайнелі. Некаторыя каровы ўжо на пятае даенне прыходзілі самі, а іншыя так і не змаглі сябе “пераадолець”. Дарэчы, па навуковых разліках дапускаецца, што каля 20% кароў не могуць даіцца робатамі — па “псіхалагічных” і фізіялагічных (вымя павінна мець падыходзячыя параметры, быць размешчана на пэўнай вышыні адносна падлогі і інш.) прычынах. Вельмі цікава назіраць, як ужо зараз рагулі стаяць у чарзе “на здачу малака”. Між іншым, новая МТФ запаўняецца маладымі каровамі чорна-пярэстай пароды, у якіх было не больш за 2-3 ацёлы, а то і першацёлкамі — іх больш мэтазгодна прывучаць да робатаў. Жывёлу бралі і сваю, белшынаў-скую, і куплялі ў гаспадарках нашага, Горацкага і Магілёў-скага раёнаў. Больш за ўсё работнікі задаволены “роднымі” гадаванцамі. Варта асобна расказаць і пра працэс даення. Кожная карова носіць на шыі датчык актыўнасці і транспондзер — свое-асаблівы электронны пашпарт. Калі прайшло менш за 6 гадзін ад апошняга “візіту”, а рагуля вырашыла падаіцца зноў, робат гэта вы-значыць, і дзверы ў даільны адсек не адчыняцца: яшчэ рана, маўляў, чакаем пазней. Падчас даення карова атрымлівае каля 1,5 кілаграма камбікорму. Пакуль яна “частуецца”, спецыяльнае прыстасаванне падрых-тоўвае вымя: мые, масажыруе, высушвае, здойвае першыя струмені. Потым маніпулятар пачаргова падключае вакуумныя “стаканы”. У сярэднім працэс даення займае 8 хвілін. На маніторы тут жа можна ўбачыць звесткі аб надоеным. Па колькасці па-ступіўшага за хвіліну малака робат вызначае, калі пара адключацца. I яшчэ важны аргумент: электроніка аналізуе якасць атрымліваемага малака з кожнай долі вымені, і, напрыклад, калі ў адной частцы ёсць запаленчы працэс, малако з яе паступае ў асобную ёмкасць, а з астатніх трох — у агульную. Менавіта якасць малака і была галоўнай стаўкай пры ўвядзенні новай фермы. Правільнасць разлікаў пачынае пацвярджацца: уся сыравіна адсюль ідзе вышэйшым гатункам. Акрамя таго, многія каровы ўжо прыбавілі малака на 2-4 адзінкі, і сярэднясутачны надой складае 20 кілаграмаў. Мабыць, адзінае, што яднае ферму новага ўзроўню з астатнімі — гэта ўсё той жа спецыфічны пах. Як кажуць, што натуральна, тое... павінна быць. Валянціна КОРБАЛЬ. |